Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прыці́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які перастаў падаваць гукі, ствараць шум; сцішаны. Закіданая снегам, прыціхлая вёска ў гэты паўночны час здавалася прыгожай. Навуменка. Палалі пажары, асвятляючы злавесным полымем пануры, прыціхлы родны горад. Сабаленка. Над прыціхлым асеннім паркам, над чырванню сцягоў і кветак плыве мелодыя Дзяржаўнага гімна БССР. Пысін. // Прыглушаны, пацішэлы, прыцішаны. Непадалёку скрыпнулі дзверы, пачулася прыціхлая, але заўзятая гамонка. Няхай.

2. Які перастаў рухацца, замёр, заціх. Некаторы час хлопцы сядзелі прыціхлыя. Місько. Ганка раззлавалася, села на лаву і, прыціхлая, абыякава глядзела на гульню. М. Стральцоў. // Які паслабеў у сіле свайго праяўлення. Зноў у.. [Рыбаку] аднавілася прыціхлае было, але ўпартае жаданне.. прарвацца ў лес. Быкаў.

прыці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыціх, ‑ла і прыціхнуў, ‑нула; зак.

1. Перастаць падаваць гукі, ствараць шум і пад.; сціхнуць. Салавейка прыціхне, спыняць бег ручаіны, І жаўрук страпянецца над жытамі пад сонцам. Шушкевіч. Пацягнуліся сумныя трывожныя дні. Вёска неяк адразу прыціхла. С. Александровіч. // Стаць амаль нячутным; перастаць чуцца. Крык прыціхнуў, перайшоў ва ўзбуджаную гаворку. Навуменка. Ён любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. На некаторы час гутарка прыціхла, саступіўшы месца чаўканню сківіц. Колас.

2. Перастаць рухацца; замерці. Юзя пераставіла ражку з бульбай бліжэй да акна і прыціхла. Бажко. Каб соладка размарыцца, вясковаму хлапчаняці дастаткова было прыціхнуць каля плота. Брыль. // Паслабець у сіле свайго праяўлення; сцішыцца. Бой прыціх. Мяцеліца прыціхла. □ І снег ружавее, як дальнія вёсны, І вецер сягоння чамусьці прыціх... Багун. // перан. Стаць ціхім, бяздзейным на некаторы час. З вясны сорак другога года, як толькі Ячны, услед за сваім Кастусём, падаўся ў атрад, Шпэк прыціх. Брыль. Месяцы, можа, на два буржуазныя нацыяналісты прыціхлі, нават на вечарынкі не збіраліся. Новікаў.

прыці́шанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прыцішанага.

прыці́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыцішыць.

2. у знач. прым. Прыглушаны, слаба чутны. Прыцішаны грукат бярвёнаў даходзіць здалёку і зблізку. Пестрак. Цемру тады поўніў гул машын, чуліся прыцішаныя галасы артылерыстаў, фырканне коней. Мележ.

3. у знач. прым. Замаруджаны, запаволены. Відаць, чалавек выбіваўся з сіл, запыняў бег, ішоў прыцішанаю хадою. Колас.

прыціша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыцішыцца.

2. Зал. да прыцішаць.

прыціша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыцішыць.

прыці́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыцішваць — прыцішыць.

прыці́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыцішыцца.

2. Зал. да прыцішваць.

прыці́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыцішыць.

прыці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Перастаць шумець; прыціхнуць. Нават работнікі галерэі пачалі ўжо на.. [хлопцаў] падазрона паглядаць. Прыйшлося крыху прыцішыцца. Шыцік.

2. Перастаць рухацца; замерці, супакоіцца. Калі .. [матыль] сеў і прыцішыўся на бервяне, сарока хацела яго клюнуць, але перадумала і ад вярнулася. Пташнікаў. Святлана прыцішылася, трошкі супакоіла сваю крыўду і пачала слухаць, што тата дыктуе. Кулакоўскі. // Паслабець у сіле свайго праяўлення, трохі суняцца. На дварэ прыцішылася пагода, нават сонца косымі праменямі адбілася ў акно і снег быў мяккім... Каваль. — Правільна, зараз такі час, калі рэвалюцыйны рух прыцішыўся. Колас.

3. Запаволіць свой рух; замарудзіцца. Рух канвеера крыху прыцішыўся: некалькі шкляных будак стаялі на ўз’ездзе на мост. Лынькоў. Новыя казакі, чалавек дваццаць, несліся наўскач, і адзін, рабы, віхрасты, прыцішыўся і завярнуў мяне назад. Гарэцкі.

4. Паслабець, стаць менш адчувальным (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне). Боль прыцішыўся.