прыці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыціх, ‑ла і прыціхнуў, ‑нула; зак.

1. Перастаць падаваць гукі, ствараць шум і пад.; сціхнуць. Салавейка прыціхне, спыняць бег ручаіны, І жаўрук страпянецца над жытамі пад сонцам. Шушкевіч. Пацягнуліся сумныя трывожныя дні. Вёска неяк адразу прыціхла. С. Александровіч. // Стаць амаль нячутным; перастаць чуцца. Крык прыціхнуў, перайшоў ва ўзбуджаную гаворку. Навуменка. Ён любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. На некаторы час гутарка прыціхла, саступіўшы месца чаўканню сківіц. Колас.

2. Перастаць рухацца; замерці. Юзя пераставіла ражку з бульбай бліжэй да акна і прыціхла. Бажко. Каб соладка размарыцца, вясковаму хлапчаняці дастаткова было прыціхнуць каля плота. Брыль. // Паслабець у сіле свайго праяўлення; сцішыцца. Бой прыціх. Мяцеліца прыціхла. □ І снег ружавее, як дальнія вёсны, І вецер сягоння чамусьці прыціх... Багун. // перан. Стаць ціхім, бяздзейным на некаторы час. З вясны сорак другога года, як толькі Ячны, услед за сваім Кастусём, падаўся ў атрад, Шпэк прыціх. Брыль. Месяцы, можа, на два буржуазныя нацыяналісты прыціхлі, нават на вечарынкі не збіраліся. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)