прыцішыць, ‑цішу, ‑цішыш, ‑цішыць; зак.
1. што. Зрабіць менш чутным; паслабіць, прыглушыць (гукі, гучанне і пад.). Прыцішыць радыёпрыёмнік. ▪ — Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў .. [Тарас Іванавіч] голас. — На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Колас. // Прыпыніць работу (матора); прыглушыць. Машыніст прыцішыў матор, нахіліўся і спытаў: — Што? Ага.. — А ці можна там, — Варанецкі паказаў назад, — кусты зразаць? Дуброўскі.
2. што. Зменшыць хуткасць чаго‑н.; запаволіць (рух, хаду і пад.). Каля валаснога праўлення аўтамабіль прыцішыў ход і завярнуў у двор. Лобан. [Ваўчок] прыцішыў хаду, услухоўваючыся ў словы спадарожніка, якія краналі за жывое. Хадкевіч.
3. перан.; што. Разм. Паслабіць, суцішыць (якое‑н. пачуццё, адчуванне). Прыцішыць гнеў. Прыцішыць боль лякарствамі.
4. каго-што. Разм. Заспакоіць, суняць. [Авяр’ян] не раз задумваўся, што б такое зрабіць, каб .. [Грышуноў] суняць, прыцішыць. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)