прысяда́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прысядаць — прысесці.
2. Рэверанс. Такімі ж борздымі крокамі падышла .. [Габрынька] і да госця, працягнула яму сваю яшчэ дзіцячую руку, зрабіўшы прысяданне, якое Лабановіч бачыў першы раз. Колас.
прысяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да прысесці.
2. Падгінаць, згінаць калені (пры хадзьбе). Плаўна рухаючы нагамі і прысядаючы, як на каньках, шпік перабег вуліцу. Самуйлёнак.
прысядзі́бны, ‑ая, ‑ае.
Які размяшчаецца, знаходзіцца пры сядзібе. Прысядзібны ўчастак. Прысядзібныя землі. □ Сонца ўжо даўно зайшло, і лёгкі змрок ахутваў хаты і прысядзібныя дрэвы. Паслядовіч.
прыся́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які прыняў прысягу, прысягнуў каму‑н.
2. Разм. Пастаянны, заўсёдны. І прэлат з Ліптова завітаў з паклонам. Гэты быў у [караля] прысяжным шпіёнам. Бажко.
3. у знач. наз. прыся́жны, ‑ага, м. У буржуазным судзе — выбарная асоба, якая ўдзельнічае ў разборы судовых спраў. Суддзя часта пазяхаў. Аб нечым параіўшыся з прысяжнымі, ён пачаў допыт Джыавані. Лынькоў.
•••
Прысяжны павераны гл. павераны.
Суд прысяжных гл. суд.
прысялі́цца, ‑сялюся, ‑селішся, ‑селіцца; зак.
Пасяліцца да ўжо раней паселеных; падсяліцца.
прысялі́ць, ‑сялю, ‑селіш, ‑селіць; зак., каго-што.
Пасяліць дадаткова да раней паселеных; падсяліць.
прысяля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да прысяліцца.
2. Зал. да прысяляць.
прысяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да прысяліць.
прытаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.
Схавацца або прыцішыцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Выслаўшы ў сяло разведку, партызаны прытаіліся ў нізінцы каля возера, у густым асінніку. Краўчанка. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна узіраецца перад сабою. Колас. // Прыціхнуць, замерці. Прытаіўся сход — слухаў, з чаго будзе пачын. Баранавых. Валька выпіла з імі паўчаркі, легла на печы з Верачкай і прытаілася. Брыль.
прытаі́ць, ‑таю, ‑тоіш, ‑тоіць; зак.
1. каго-што. Схаваць, скрыць, утаіць. Прытаіць грошы.
2. што. Не выказаць, не раскрыць іншым, захаваўшы ў сабе (думкі, пачуцці і пад.). Прытаіць злосць. Прытаіць страх.