прытаро́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прытарочваць.
прытаро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прытарочыць.
прытаро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
Прывязаць тарокамі да сядла. // Разм. Прымацаваць, прывязаць што‑н. да чаго‑н. [Дзмітрый] туга прытарочыў парашутыста да брані. Каб не дрогала ў галаву, падклаў пад ніз яго ж мундзір. Беразняк.
прытарцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.
Спец. Прыкласці, прыклеіць пад адзін ўзровень (фанеру).
прытарцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прытарцаваць.
прытаўчы́, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; пр. прытоўк, ‑таўкла, ‑ло; заг. прытаўчы; зак.
1. што. Прыправіць затаўкай. Прытаўчы боршч.
2. каго. Разм. Збіць, пабіць; дабіць. І каб не ўцёк Іллюк на тую часіну, каб хоць з хвіліну яшчэ пачакаў .., да паўсмерці б прытаўкла [Альжа] і яго, як таго беднага маладога балагола. Калюга.
прыта́чны, ‑ая, ‑ае.
Абл. Вельмі зручны, выгадны для чаго‑н. (пра месца). — Мне здаецца, дзядзька Кірыла, у вас тут вельмі прытачнае месца, — сказаў Красуцкі, паказаўшы рукою на наваколле. Скрыган. [Я. Колас] піша П. Глебку ў маі 1937 года, што нагледзеў хату ў вельмі прытачным месцы: шмат жоўтага пяску і маладога хваёвага лесу. Шкраба.
прытачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
Выточваючы, абточваючы, прыгнаць, прыладзіць да чаго‑н. Прытачыць дэталь.
прытачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
1. У кравецкай і шавецкай справе — прышыць дадаткова, надтачыць.
2. Разм. Дадаць частку, кавалак, паласу і пад., каб пабольшыць, нарасціць што‑н. І хочацца сенажаці, і няма яе, дзе ўзяць, адкуль прытачыць паласу, другую. Барашка. Прырода патрабуе ад таго, хто ўзяўся яе папраўляць, каб ён рабіў гэта з толкам, каб, як кажуць, у адным месцы адрэзаў, а ў другім прытачыў... Сачанка.
прытвара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да прытварыцца.
прытвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.
Прыняць на сябе які‑н. выгляд з мэтай увесці каго‑н. у зман; прыкінуцца. Прытварыцца хворым. □ І Юрка Хмялеўскі глядзеў на яго і дзівіўся, што гэты звер і прайдзісвет можа прытварыцца сапраўдным панам. Чарнышэвіч. Матацыкліст узняўся і далажыў афіцэру, што калі ён ляжаў, прытварыўшыся мёртвым, нехта ў яго з рукі зняў гадзіннік. Карпюк. Я прытварыўся, што нічога не ведаю, але тата ўжо здагадаўся, што гэта наша работа, і пагразіў пальцам. Пальчэўскі.