прыпыня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да прыпыніцца.
2. Зал. да прыпыняць.
прыпыня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да прыпыніць.
прыпява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Суправаджаць спевамі якое‑н. дзеянне; падпяваць. Данілка іграе жаласліва-нудную мелодыю, Зоська круціцца па сцэне і прыпявае. Купала. Ваявалі ў полі жнеі-маладзіцы, Вострымі сярпамі жыта ваявалі, «Залатая зорка-зараніца, Не заходзь так рана...» — прыпявалі. Вітка.
прыпява́ючы,
1. Дзеепрысл. незак. ад прыпяваць.
2. прысл. Добра, у дастатку (са словам «жыць»). — Гэта ж во які быў, не тое што Васіль. На яфрэйтара ўжо выйшаў, ды бог не даў яму жыткі, а так бы я з ім жыла прыпяваючы, — гаварыла Вара. Сабаленка.
прыпяка́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыпякаць — прыпячы (у 1, 3 знач.).
прыпяка́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыпячыся.
2. Зал. да прыпякаць.
прыпяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыпячы.
прыпя́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыпяць.
прыпя́ць, ‑пну́, ‑пне́ш, ‑пне́; ‑пнём, ‑пняце́; зак., каго-што.
Разм.
1. Прыхіліць, прыперці да чаго‑н.
2. Прымацаваць дзе‑н., у якім‑н. месцы, прывязаць да чаго‑н. Гаспадар прыпяў Дзіка [сабаку] на самую кароткую прывязь, а сам стаіўся за вуглом. Сабаленка.
3. Зачыніць або запяць што‑н. часова або няпоўнасцю. Прыпяць акно занавескай.
прыпяча́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Дадаць да ўжо напячатанага; напячатаць дадаткова. Прыпячатаць некалькі фотаздымкаў.
2. Разм. Запячатаць чым‑н. Прыпячатаць пісьмо сургучом.
3. Разм. Паставіць пячатку на чым‑н. [Старшыня] хукне, плюне на пячатку І на чэк грашовы — раз! Прыпячатаў! Калі ласка, — У банк імчы! Бялевіч.
4. перан. Разм. Моцна прыціснуць; прыбіць. Першыя кроплі буйнога дажджу прыпячаталі пясок на двары і ўпалі на галаву Восілене. Броўка.