прыпу́хлы, ‑ая, ‑ае.
Які трохі прыпух, успух. Іван Паўлавіч падняў вочы з-пад тоўстых прыпухлых павек. Колас. Чорныя, кучаравыя валасы яе «полькі» растрэсліся на падушцы, а чырвоныя, нібы прыпухлыя губы ўсміхаліся. Брыль.
прыпу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыпух, ‑ла; зак.
Трохі апухнуць, успухнуць. Злыя вочы яе паменшыліся, пачырванелі, павекі прыпухлі. Дуброўскі. Ліпа была цяжарная на апошніх месяцах, губы яе прыпухлі, на твары ляжалі жаўтаватыя плямы. Хомчанка.
прыпу́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыпусціць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).
прыпха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. З цяжкасцю дайсці, прыйсці куды‑н. — Я сёння позна, Андрэй. Дарога псуецца, дарогі няма. Пакуль прыпхаўся... Чарнышэвіч.
прыпха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; каго-што.
Разм. Пхаючы, штурхаючы, прысунуць, даставіць куды‑н. Прыпхаць скрыню да сценкі. Прыпхаць машыну ў гарам.
прыпхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Тое, што і прыпхацца.
прыпхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм. Пхнуўшы, штурхнуўшы, прысунуць куды‑н., да чаго‑н.
прыпы́л, ‑у, м.
Спец. Дробны вугальны або графітны пыл, якім прысыпаюць унутраную паверхню ліцейнай формы.
прыпы́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыпыліць (у 1, 2 знач.).
2. Пакрыты тонкім слоем пылу. Міканор быў перад Глушаком: у картовым мятым пінжачку, віслым галіфэ, у прыпыленых ботах. Мележ. [Бусляня], жаўтаротае і безгаловае, сядзела ў прыпыленым драсёне .. каля пешаходнай сцежкі. Кулакоўскі.
прыпылі́цца, ‑пылюся, ‑пылішся, ‑пыліцца; зак.
Пакрыцца тонкім слоем пылу. Пабялелі і Германавы вейкі. Можа прыпыліліся пылам. Даніленка.