Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прымачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.

1. каго-што. Трохі змачыць, падмачыць. Дождж прымачыў сена.

2. што. Прыкласці што‑н. вільготнае, мокрае (да хворага месца). — Пайдзі да студні, выцягні вады і прымачы [гуз]... Брыль. Прыйшла Сцёпкава бабка Таццяна, прымачыла ручку [Петрыка] зёлкамі і перавязала чыстаю анучкаю. Крапіва.

пры́ма-балеры́на, прымы-балерыны, ж.

Балерына, якая выконвае першыя ролі ў балеце.

[Іт. prima ballerina.]

прымгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Заснуць ненадоўга лёгкім сном; прыдрамнуць, задрамаць. Паабедаўшы, Шалюта лёг на хвілінку прымгнуць, і якраз у гэты час прыехаў Варановіч. Дуброўскі. Зноў валаклі клункі ў хату, кармілі коней і на гадзіну, не распранаючыся, прымгнулі ў халодных сенцах. Лобан.

прымежава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прымежаваць.

прымежава́ць, ‑мяжую, ‑мяжуеш, ‑мяжуе; зак., што.

Дадаць, прырэзаць шляхам межавання. Прымежаваць участак зямлі.

прыме́жак, ‑жку, м.

Разм. Неапрацаваная паласа зямлі каля мяжы. [Мікола з Наташай] адышліся з дарогі, селі на прымежку, проста на зямлю, на пажоўклую сухую траву. Краўчанка.

прыме́жны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, размяшчаецца каля мяжы. Прымежная вёска. □ [Гарадок] круглыя суткі ў любую пару года жыве напружана-баявым жыццём, і кожны кавалачак прымежнай зямлі — .. знаходзіцца пад няспынным наглядам. Хадкевіч.

прыме́ншаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыменшыць.

прыме́ншыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

Разм. Зрабіць трохі меншым.

прыме́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прымераць.