Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прымаро́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прымарозіць.

прымаро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., каго-што.

1. Замарозіўшы, прымацаваць да чаго‑н.

2. Злёгку пашкодзіць марозам; абмарозіць. Прымарозіць пальцы на назе. □ — Пуп .. [цяля] прымарозіла, як яшчэ пад каравай было. Ермаловіч.

3. безас. Падмарозіць (пра надыход маразоў, холаду). На дварэ добра прымарозіла. У паветры кружыліся сняжынкі. Шамякін.

прымару́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прымарудзіць.

прымару́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прымарудзіць.

прымару́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Разм. Затрымацца крыху, замарудзіцца. — Прымарудзіўся дзе-небудзь на хвіліну — адстаў на год. Кулакоўскі.

прымару́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Разм. Трохі замарудзіць, запаволіць. Каля старой антонаўкі, на якой маршчынілася кара, Антось прымарудзіў крок. Хадкевіч.

прыма́с, ‑а, м.

У каталіцкай і англіканскай цэрквах — тытул галоўных епіскапаў.

[Ад лац. primas — галоўная асоба, галоўны.]

прымасці́цца, ‑машчуся, ‑мосцішся, ‑мосціцца; зак.

Разм. Размясціцца, уладкавацца дзе‑н. (звычайна ў нязручным месцы). Дзве маладзейшыя выхавальніцы .. прымасціліся на адной табурэтцы ля цёплай грубкі і таксама аб нечым гаварылі, час ад часу паглядаючы на дырэктара. Нядзведскі. Побач з .. [Якубовічам] сядзелі Паходня і Зося Валынец, а далей каля агню прымасціліся — хто на карчы, хто на падасланым сене — Кузёмка Дзерах, чарнавусы Марцін. Хадкевіч. Госці ўжо сядзелі за сталом.. [Вара] прымасцілася на самым разу. Дуброўскі. / у вобразным ужыв. Па суседству з дубам, між кустоў чаромхі, прымасцілася сасонка. Пальчэўскі. Ля вежы прымасцілася невялічкая драўляная будыніна. Гаўрылкін.

прымасці́ць, ‑машчу, ‑мосціш, ‑мосціць; зак., што.

Разм. Размясціць дзе‑н., пакласці, паставіць каля чаго‑н., да чаго‑н. (звычайна з цяжкасцю, у нязручным месцы). Падняўшы верхнюю лаўку, .. [жанчына] паклала на яе чамадан, потым узяла рэчы .. і прымасціла іх у кутку на ніжняй лаўцы. Ракітны. [Ластаўка] трымала ў дзюбцы саломінку і ніяк не здагадвалася, куды зручней яе прымасціць. Васілевіч.

прыма́т, ‑у, М ‑маце, м.

Кніжн. Перавага, найважнейшае значэнне; першаснасць. У поглядах на літаратуру М. Піятуховіч выходзіў з сацыялагічнага разумення творчай дзейнасці мастака, з прымату сацыяльна-эканамічных, гістарычных фактараў. Мушынскі. Загаловак «Песня кулікоў» на першы погляд аддае прымат мары над рэальнасцю. У. Калеснік. З Драздом пайшла Варона на заклад, Што лепш спяе, што лепшы голас мае, Што першы прыз бясспрэчна атрымае, Бо тут, маўляў, яе прымат. Валасевіч.

[Ад лац. primatus — першае месца, старшынство.]