Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прымало́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прымалаціць.

прыма́льнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць прымальнага.

прыма́льны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Такі, які можна прыняць, з якім можна пагадзіцца; прыдатны. Прымальная прапанова. Прымальны рэжым работы. □ [Кандаковіч:] — Нас, рэвалюцыйна настроеных людзей, сабралася тут не так многа, а такой бясспрэчнай, для ўсіх яснай і прымальнай асновы, на якую сталі б мы ўсе, як адзін чалавек, няма. Колас. Андрэйка складаў найбольш прымальны варыянт доказу, хто ён і адкуль, што робіць. Кавалёў.

прымалява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прымаляваць.

прымалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

Намаляваць у дадатак да ўжо намаляванага. Затым падумаў [Пятруська] крыху, падстругаў аловак і прымаляваў яшчэ чырвоную [зорку] да казырка. Кулакоўскі.

прымані́ць, ‑маню, ‑маніш, ‑маніць; зак., што і без дап.

Апавядаючы аб чым‑н., дадаць што‑н. ад сябе, прыдумаць або сказіць у некаторай ступені сэнс. Юозас любіў расказваць аб сваіх паходах у Літоўскай дывізіі і часамі нават крыху прыманіць. Броўка. А Венік ужо ўвайшоў у натхненне, непераймальна, да колікаў смешна суправаджаючы расказ мімікай і жэстамі. Не важна, што і прыманіць. Брыль.

прыма́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыманіць.

пры́маразкі, ‑аў; адз. прымаразак, ‑зку, м.

Лёгкія маразы, звычайна ранішнія або начныя, восенню і вясной. Пагода стаяла сухая, з невялікімі прымаразкамі па начах. Якімовіч. Вясновыя халады і прымаразкі скончыліся. С. Александровіч. Дрэвы хапіў прымаразак: яны стаялі голыя і сумныя... Навуменка.

прымарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Трохі змарнець, знясілець. Прымарнеў Даніла за гэтыя часы: шчокі ўпалі, падбародак станчэў. Кулакоўскі.

прымаро́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прымарозіць.

2. у знач. прым. Злёгку пашкоджаны марозам; абмарожаны. Прымарожаныя яблыкі. □ [Лёкса] нагнулася, узяла ў руку прытаптаны нагамі корчык жыта — камячок чорнай зямлі з прымарожанымі жоўта-зялёнымі стрэлкамі і доўгімі белымі ніткамі карэньчыкаў. Кудравец.