апага́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апаганіць.
апаге́й, ‑я, м.
1. Пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі, найбольш аддалены ад цэнтра Зямлі.
2. перан. Вышэйшая ступень, найвышэйшы росквіт чаго‑н. Дайшло да апагея агульнае захапленне тады, калі на сцэне з’явіўся Патрулін, вядомы рэвалюцыянер. Зарэцкі.
[Грэч. apógeios.]
апаго́дзіцца, ‑дзіцца; безас. зак.
Разм. Тое, што і распагодзіцца. На захадзе раз’яснівалася. К вечару, відаць, збіралася апагодзіцца. Пташнікаў.
апа́д, ‑у, М ‑дзе, м., зб.
Плады, што апалі з дрэў ад ветру, непагоды. Цябе любіў я і люблю, Мой звонкі лістапад, Вы ў грудзі, грукае ў зямлю Антонавак апад. Хведаровіч.
апада́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ападаць — апасці.
апада́ць, ‑ае; незак.
1. Незак. да апасці.
2. Спускацца ўніз, даваць нахіл у які‑н. бок. Я бачу, як адным сваім краем сяло ўдаецца ў жыты. Другі канец яго ападае ў нізіну. Скрыган.
апа́дкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да ападкаў (у 1 знач.).
апа́дкі, ‑аў; адз. ападак, ‑дка, м.
1. толькі мн. Атмасферная вільгаць, якая выпадае на зямлю ў выглядзе дажджу, снегу і пад. «Дзень без ападкаў», — грыміць перадача, А дзень той з раніцы слёзна плача. Лужанін. [Наталька:] — Павінен.. [чалавек] думаць аб тым, як лепш прыстасавацца да сонца і да тых жа атмасферных ападкаў. Кулакоўскі.
2. Тое, што і апад. У Булыгавым садзе Лейба ўжо наводзіць свой парадак — выкошвае палын, падбірае і зносіць у кучу ападкі. Бажко.
апазіцы́йнасць, ‑і, ж.
Адмоўныя адносіны да каго‑, чаго‑н., нязгода з чым‑н.