гармо́нія, ‑і, ж.
1. Мілагучнасць, складнасць, прыемнасць гучання. Гармонія верша. Гармонія гукаў.
2. Зладжанасць, узаемная адпаведнасць асобных якасцей, прадметаў, з’яў, частак цэлага. Гармонія фарбаў. Гармонія зместу і формы. Гармонія жыцця.
3. Аддзел тэорыі музыкі, вучэнне аб правільнай пабудове сугучнасцей у кампазіцыі. Іменна гармонія зрабіла магчымымі трыумфы аркестравай музыкі. «Полымя».
[Ад грэч. harmonía — сувязь, сугучнасць, зладжанасць.]
гармо́нь, ‑і, ж.
Тое, што і гармонік (у 1 знач.). Разняў гармонь танкіст удалы Ды як націсне на басы. Колас.
гарнавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да горна (гл. горан). Гарнавы інструмент.
2. у знач. наз. гарнавы́, ‑ога, м. Рабочы пры горне. Тут быў старэйшы гарнавы першай домны, таксама ўзнагароджаны ордэнам Леніна, настаўнік дзесяткаў гарнавых, якім ён аддаваў свой вялікі саракагадовы вопыт. Мікуліч.
гарнаста́евы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гарнастая. Гарнастаевае футра. // Зроблены з футра гарнастая. Гарнастаевы каўнер.
гарнаста́еў, ‑ева.
Які належыць гарнастаю. Гарнастаеў след.
гарнаста́й, ‑я, м.
Пуншы драпежны звярок сямейства куніцавых, зімой белы з чорным кончыкам хваста. // Футра гэтага звярка. Шапка з гарнастая.
га́рнец, гарца, м.
1. Мера сыпкіх і вадкіх цел, роўная 3,28 літра, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Гарнец жыта. Гарнец гарэлкі.
2. Пасудзіна такой ёмістасці. Вохкаў селянін і з гарцам ішоў у пуставаты свіран, каб даць Боруху ў лік даўгоў мерку збожжа. Бядуля.
[Польск. garniec.]
гарнізо́н, ‑а, м.
Воінскія часці, размешчаныя ў якім‑н. населеным пункце, крэпасці. Рашучыя дзеянні брэсцкага гарнізона зрабілі настолькі моцнае ўражанне на фашысцкіх ваяк, што яны ўсю ноч чакалі наступлення з боку гарнізона крэпасці. «Беларусь». // Умацаваны населены пункт, крэпасць, дзе размяшчаюцца гэтыя воінскія часці. Партызаны дзень і ноч вялі баі, выкурваючы гітлераўцаў з гарнізону. Шахавец.
[Фр. garnison.]
гарнізо́ннік, ‑а, м.
Разм. Салдат, служачы гарнізона.
гарнізо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гарнізона, належыць яму. Гарнізонная артылерыя. Гарнізонная служба.