Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нячы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Брудны, неахайны. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варожыць цыганка ў лахмане зрэбным і нячыстым. Багдановіч. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Нячысты пакой.

2. Неаднародны, з дамешкам чаго‑н.; забруджаны. Нячысты спірт. Нячыстая вада. // Не чыстакроўнай пароды. Конь нячыстай пароды. // Мутны, няясны, невыразны (пра колер). Нячыстыя фарбы. // З прышчыкамі, вуграмі і пад. (пра скуру). Нячыстая скура па твары.

3. Разм. Неахайна выкананы, неакуратны. Нячыстая апрацоўка.

4. Разм. Невыразны, не зусім дакладны, правільны (пра гукі, выказванне думак). У маёра голас пісклявы, у суседа яго — хрыплы, нячысты. Навуменка. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.

5. перан. Які не вызначаецца сумленнасцю, несумленны, здольны да машэнства. [Ладынін:] «Трэба сказаць Башлыку, каб прасачыў за гэтымі нарыхтоўшчыкамі сваімі. Нячыстыя, відаць, людзі». Шамякін. // Заснаваны на машэнстве; нячэсны. Цяпер новая думка кальнула.. [Зосю]: «Можа.. [Міхал] і тады ўжо ў якіх нячыстых авантурах быў?». Чорны. [Грэт] інстынктам адчула, што справа тут нячыстая. Маўр.

6. У некаторых рэлігійных вучэннях — непрыгодны, непажаданы богу, грэшны. [Сымон] даводзіў, што свіння для старазаконнікаў-яўрэяў — грэшная і нячыстая жывёла. Бядуля.

7. Разм. У забабонах — звязаны са злым духам, чараўніцтвам. Пятрусь і не думаў спыняць каня, скарэй бы ад гэтага нячыстага месца. Колас. // у знач. наз. нячы́сты, ‑ага, м. Злы дух, чорт. [Жонка брыгадзіра:] — Не сорам табе, і нячыстага не баішся ты. Мурашка.

•••

Нячыстая сіла гл. сіла.

Нячысты дух гл. дух.

Нячысты на руку — схільны да крадзяжу, махлярства.

нячы́сцік, ‑а, м.

Разм. У забабонах — нячыстая сіла, чорт. [Антося] верыла ў павер’е, што ў тапельніка нячысцік забірае душу яшчэ перад смерцю... Барашка. // Ужываецца як лаянка. [Маці:] — Дачытаўся, нячысцік, што зусім здурнеў!.. Асіпенка.

нячы́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Брудны, пакрыты пылам, граззю. — Ну, ну, адвяжыся, гультай... Вунь стрэлкі нячышчаныя, а ён бадзяецца дзе. Лынькоў.

2. Пакрыты лускою, з лушпінамі. Толькі крывілася [дзяўчына], што рыба была нячышчаная, у попеле, без солі ды без хлеба. Маўр. Што варылі? Цяжка было разабраць: бульбу, бручку, буракі — усё нячышчанае. Навуменка.

нячэ́паны,

гл. нечапа́ны.

нячэ́саны 1,

гл. нечаса́ны ​1.

нячэ́саны 2,

гл. нечаса́ны ​2.

няшко́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няшкоднага.

няшко́дны, ‑ая, ‑ае.

Які не з’яўляецца шкодным. Няшкодная вытворчасць. // Які не здатны зрабіць каму‑н. шкоды. Калі быў цвярозы, айчым здаваўся маўклівым і няшкодным чалавекам. Васілевіч.

няшма́т, прысл.

Тое, што і нямнога. Народу было няшмат. Асіпенка. На такой гаспадарцы, як наша, зімой работы няшмат. Брыль.

няшта́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не ўваходзіць у штат ​2 (у 2 знач.). Няштатны работнік.

няшча́дны, ‑ая, ‑ае.

Бязлітасны. Мінаем час няшчаднай смерці, Смуткуем зноў аб ім усе, І кожны з нас глыбока ў сэрцы Часцінку Леніна нясе. Глебка. Тройчы Мы закладвалі падрубы: Лёс няшчадны Селішча знішчаў. І. Калеснік. // Вельмі моцны па сіле праяўленяя. Ці стаяла няшчадная спёка, ці тугі вецер дзьмуў у твар, .. ён ішоў.. поўны надзей, упэўнены, што ўсё пераможа. Хадкевіч.