Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малява́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. маляваць.

2. Прадмет навучання. Урок малявання.

3. Разм. Тое, што намалявана.

малява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Рысаваны. Бажкам не веру маляваным, Што мажуць фарбай маляры. Купала.

2. Пафарбаваны. Дзверы былі толькі прычынены. За імі быў калідорчык з маляванай падлогай. Чорны. Алоўкі з маляванымі кантамі былі вялікім Лаўрыкавым багаццем. Вітка.

малява́цца, ‑люецца; незак.

Зал. да маляваць.

малява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што і без дап.

1. Рысаваць фарбамі. Маляваць партрэт. □ Кожны дзень у час вячэрні Малявалі дзве рукі: Бацька пэндзлем у майстэрні, Сын алоўкам. Мастакі! Галіноўская. Андрэй расчыніў эцюднік, пачаў маляваць. Кандрусевіч.

2. Тое, што і рысаваць. Максім сядзеў нахіліўшыся і задумліва маляваў галінкай на пяску нейкія адмысловыя фігуры. Шамякін. Мама пачала прыбіраць у пакоі, а я маляваў каляровымі алоўкамі самалёт і нашага лётчыка з залатой зорачкай і ордэнамі на грудзях. Бяганская.

3. Разм. Фарбаваць. Маляваць плот. Маляваць падлогу. // Фарбаваць, падводзіць фарбамі твар (губы, бровы, вейкі). Авяліна, паставіўшы перад сабой люстэрка, малявала бровы. Бажко.

4. перан. Расказваць пра што‑н., апісваць што‑н.; уяўляць. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка. Помніце мінулую восень? Як толькі не малявалі яе ў вершах?. І багатая. І залатая. І шчаслівая. І радасная. Грамовіч.

маля́р, ‑а, м.

1. Рабочы, які беліць, фарбуе дамы, памяшканні і пад. На ціхі сонечны бульвар У крэйдзе, вапне, алебастры Выходзіць з вёдрамі маляр. Грахоўскі. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбамі. Шамякін.

2. перан. Пра дрэннага мастака, жывапісца. Бажкам не веру маляваным, Што мажуць фарбай маляры. Купала.

маля́рны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з рамяством, работай маляра. Малярныя работы.

маля́рскі, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для работы маляра. Малярскі пэндзаль.

маля́рства, ‑а, н.

Занятак маляра.

малярыёлаг, ‑а, м.

Спецыяліст па лячэнню малярыі.

маляры́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да малярыі. Малярыйныя захворванні. // Які з’яўляецца крыніцай малярыі. Малярыйны камар. Малярыйная мясцовасць.

2. Звязаны з мерапрыемствамі па барацьбе з малярыяй. Малярыйная станцыя.