Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няўро́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Разм. Дрэнны, нізкі ўраджай; недарод. Лугіны былі захоплены працай, бо ўсе ведалі, што скора надыдзе восень, што няўрод і неўмалот у гэтым годзе, а стараста з ураднікам — будуць збіраць падатак. Каваль.

няўро́кам, прысл.

Ненаўмысна; выпадкова. [Камандзір брыгады:] — У сон нешта хіліць... Як задрамлю няўрокам, разбудзі... Мележ. І калі якой парою Ты заблудзішся няўрокам, Дык гукні — і над зямлёю Пойдзе голас твой далёка. Кірэенка.

•••

Няўрокам кажучы гл. кажучы.

няўро́чны, ‑ая, ‑ае.

Які робіцца, адбываецца не ў вызначаны або не абумоўлены дагаворам час. Няўрочная работа.

няўры́мслівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўрымслівага. О-о-о, непедагогі не ведаюць, што такое няўрымслівасць маладога настаўніка перад навучальным годам! Лобан.

няўры́мслівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа супакоіцца, суняцца; непаседлівы. Сам гарачы, няўрымслівы, .. [Рэндал] і другім не дае сядзець без работы. Гамолка. Толькі няўрымслівыя хлапчукі.. увесь час выскоквалі на віднае месца, за што ім перападала ад бацькоў і матак. Броўка. // Уласцівы такому чалавеку. Лёня спрактыкаваным вокам прыкмеціў, што не ад хвалявання стары такі рухавы — характар няўрымслівы. Новікаў. Няўрымслівая натура не давала .. [Ганне] спакою, асабліва цяпер, калі яна апынулася ў гушчы барацьбы. Няхай. // Які не сціхае, не змаўкае, не спыняе працяглы час сваёй дзейнасці. Кіпіць у цяснінах, ляціць на прастор Бурлівы, няўрымслівы Вахш. Кірэенка. Вее вецер вясновы, няўрымслівы, свежы. Зарыцкі.

2. Нецярплівы. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў яго станавіліся рахманыя, супакойныя, пакорлівыя. Дубоўка. Маленькім крыклівым няўрымслівым сынам наогул здаецца, што час стаіць на месцы... Гаўрылкін.

няўсе́длівы, ‑ая, ‑ае.

Які не вызначаецца ўседлівасцю. Няўседлівы вучань. □ З гнязда пад дахам птушаня малое, Няўседлівае, выйшла на карніз. Калачынскі.

няўсто́йка, ‑і, ДМ ‑тойцы; Р мн. ‑тоек; ж.

Устаноўлены дагаворам штраф за невыкананне адным з бакоў узятых абавязацельстваў.

няўсто́йлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўстойлівага. Няўстойлівасць становішча. Маральная няўстойлівасць.

няўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены ўстойлівасці, цвёрдай апоры; хісткі. Скакалі [людзі] па куп’і, спатыкаліся на найбольш хісткія, няўстойлівыя купіны,.. выбіраліся зноў і зноў упарта ішлі наперад. Брыль. Гром і маланка чаргаваліся раз-пораз, шалёны вецер гатоў быў перавярнуць няўстойлівы павільён. Дамашэвіч.

2. Які часта мяняецца, непастаянны. Няўстойлівая пагода.

3. перан. Які лёгка паддаецца якім‑н. уплывам, нястойкі ў сваіх поглядах, перакананнях. Сын зноў капрызіць. Ён добры, але няўстойлівы і бязвольны. Караткевіч. // Які ўласцівы такому чалавеку. Няўстойлівы характар. □ [Мельнік] натуру меў няўстойлівую: часта добры настрой змяняўся ўспышкамі гневу. Гамолка.

няўсту́пчывасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўступчывага.