Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прасава́ны ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прасаваць ​1.

2. у знач. прым. Гладжаны, выгладжаны; выпрасаваны. Прасаваная бялізна.

прасава́ны ​2, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прасаваць ​2.

2. у знач. прым. Зроблены шляхам прасавання ​2. Прасаваныя дрожджы. Прасаванае сена.

прасава́цца ​1, ‑суецца; незак.

Зал. да прасаваць ​1.

прасава́цца ​2, ‑суецца; незак.

Зал. да прасаваць ​2.

прасава́ць ​1, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.

Гладзіць прасам. Соня тут жа ўзялася прасаваць бялізну ды рыхтавацца ў дарогу. Пальчэўскі.

прасава́ць ​2, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.

Апрацоўваць пры дапамозе прэса. Прасаваць бавоўну. Прасаваць драўніну.

праса́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прасадзіць (у 2, 4 знач.).

прасаджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Саджаць некаторы час.

праса́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прасаджваць.

праса́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прасадзіць.

прасадзёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Машына для перапрацоўкі проса на крупы.

прасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., што.

1. Садзіць некаторы час.

2. Разм. Марна зрасходаваць, патраціць. Прасадзіць грошы. □ [Ярошка:] Будзеш збіраць-збіраць, капіць-капіць, а потым прасадзіш усё за адзін раз у марным месцы. Дамашэвіч. // Прагуляць (у якой‑н. гульні). — Вот угадае паставіць, — здзівіўся банкір, адлічваючы тры рублі. — Я ж табе чатыры прасадзіў. Колас.

3. Разм. Прабіць, пракалоць, праткнуць. Прасадзіць нагу. □ Выжлятнік .. стаў дзічыцца, палохацца дрэў, што, здавалася, нагінаюць увачавідкі дзіды, каб праткнуць — прасадзіць яму навылёт нутро. Пташнікаў. На нагах — лапці, сплеценыя спецыяльна для рыбалкі, каб не прасадзіць пад вадою нагу аб якую патырчаку. Місько.

4. Прасунуць што‑н. праз што‑н. Хлопчык прасадзіў руку між дротам і шкрабануў па шыбе. Кулакоўскі. Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны. Чарот.

праса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Спец. Стан паводле знач. дзеясл. прасядаць — прасесці. Прасадка чыгуначнага палатна.