няўжы́ўчывы, ‑ая, ‑ае.
Які дрэнна ўжываецца з іншымі людзьмі. Кватарант пападаліся нейкія то няўжыўчывыя, то вельмі патрабавальныя. Шахавец. Ці мала ёсць такіх няўжыўчывых людзей, якім ніколі не дагодзіш. Асіпенка. // Які ўласцівы такому чалавеку. Няўжыўчывы характар.
няўзбро́ены, ‑ая, ‑ае.
Які не мае пры сабе зброі. Няўзброеныя людзі.
няўзго́дненасць, ‑і, ж.
Уласцівасць няўзгодненага; адсутнасць узгодненасці. Кампазіцыйная няўзгодненасць асобных раздзелаў, непрадуманая расстаноўка акцэнтаў прывялі да таго, што паэма, па сутнасці, распадаецца на два асобныя творы. Рагойша.
няўзго́днены, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены ўзгодненасці, адзінства. Няўзгодненыя дзеянні.
2. Які не ўзгаднілі або не паспелі ўзгадніць з кім‑н. Няўзгоднены план.
няўзна́к, прысл.
1. Непрыкметна. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак. Купала. Малашкін трымаў аловак у правай руцэ, стукаў па стале няўзнак і пры гэтым крывіўся. Пестрак.
2. Хоць бы што, неўзаметку. Бывае часам стомішся, аднак пагрэешся ля вогнішча і зноўку каменні на шляху табе няўзнак. А. Вольскі. Няважна, што цэлы тыдзень я буду есці нішчымныя крупы і бульбу, гэта няўзнак. Скрыган.
3. Выпадкова, ненаўмысна. — Не шкадуеце, што пайшлі? — жуючы маласольны агурок, быццам няўзнак, спытаў у мяне доктар. Васілевіч.
няўклю́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм.
1. Той (тая), хто мае нязграбную паставу, пазбаўлены зграбнасці, спрыту ў рухах. — Толькі зразумеў — не дагнаць мне.. [партызан]: яны на пары лепшых коней, у мяне — адзін няўклюда, ламавік. Шамякін.
2. Неахайны чалавек, мурза. Жонка Нічыпара Мартыневіча, Кацярына, была такая няўдалая,.. такая няўклюда, што нават сарочка ў яе вісела на цэлую пядзю ніжэй спадніцы. Чарнышэвіч.
няўклю́днасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць няўклюднага; непаваротлівасць. Станіслаў Барвіна, пры сваёй некаторай няўклюднасці, быў рухавым. Пестрак. Калі.. [Хведар] быў салдатам, вайсковая форма згладжвала яго няўклюднасць. Чарнышэвіч.
няўклю́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Пазбаўлены зграбнасці, лоўкасці ў рухах; непаваротлівы. Паўнатвары, у ватоўцы, у зімовай шапцы і ў цёплых чаравіках,.. [хлапчук] нагадваў няўклюднае медзведзянё. Хадкевіч. На сушы цюлені няўклюдныя, як чарапахі. Хомчанка. // Пазбаўлены зграбнасці; нялоўкі (аб рухах і пад.). Няўклюдная хада. / Аб рэчах, прадметах. Наш вялікі і няўклюдны аўтобус з радыёапаратураю грымеў на выбоінах палявых дарог. Грахоўскі. Са сталоўкі ўжо выкінулі адну з доўгіх няўклюдных лавак. Нядзведскі.
2. перан. Дрэнна, недастаткова апрацаваны, адшліфаваны; няскладны. І так паварочваў [Валодзька] сказ, і гэтак — атрымлівалася нешта няўклюднае і незразумелае. Гамолка.
няўла́д, прысл.
Не так, як трэба, як хочацца, як патрабуюць. [Сотнікаў] зашкр[а]баў па сцяне ботамі. Дзёмчыха ўвесь час старанна і няўлад пасабляла знізу, паўхвіліны Сотнікаў напружана высільваўся на сцяне, але ўрэшце таксама пераваліўся цераз верхняе бервяно і апынуўся на столі хаты. Быкаў.
няўла́джанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан няўладжанага. І пачуццё няўладжанасці агарнула душу Каваля. Савіцкі. // Адсутнасць парадку, наладжанасці ў чым‑н. Ва ўсім адчувалася няўладжанасць.