Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прамато́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Заснаваны на прынцыпе дзеяння прамога патоку вадкасцей ці газаў. Праматочны паветрана-рэактыўны рухавік.

праматы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Узрыхліць матыкай. Праматычыць граду. Праматычыць капусту.

прамаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прамовіць.

прамаўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Не адказаць, ухіліцца ад адказу. — А дзе ж бацька твой і брат? — прагаварыў разгублены Міхась. — Толя прамаўчаў. Якімовіч. [Хадоська] прамаўчала: знарок стала корпацца ў возе, быццам ладавала пасцель. Мележ.

2. Маўчаць некаторы час. Прамаўчаць увесь вечар.

прамаха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Махаць некаторы час.

прама́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да прамахнуцца.

прамахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Не трапіць у цэль (страляючы, кідаючы і пад.). Баярскі стрэліў у машыніста, але прамахнуўся. Гурскі. [Іна] кінула.. [Асташонку] скамечаную кашулю, але прамахнулася, і адзежына ўпала ў ваду. Ваданосаў. [Алесь], мусіць, хацеў ударыць па галаве, але з гарачкі прамахнуўся і моцна выцяў трактарыста па плячы. Адамчык.

2. перан. Зрабіць промах, памыліцца. Шугай узяў Язэпа пад руку, адвёў убок. У яго позірку Язэп убачыў нейкую трывогу. — Прамахнуліся мы, таварыш Каліна, — сказаў ён, — але цяпер адступаць няма куды. Асіпенка. Мужчына, убачыўшы, што не прамахнуўся, павёўшы з .. [Алаізай] гутарку ў такім тоне, таксама засмяяўся. Арабей.

прамахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑пяце; зак., што і без дап.

Разм. Хутка прайсці, праехаць, праляцець. Дзесяць кіламетраў, якія мне трэба было прайсці ад станцыі да Слабодкі, я прамахнуў так хутка, што нават і сам не агледзеўся. Ляўданскі.

прама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Праверыць, абшукаць вобмацкам, абмацаць. Калі крыху ўсё ўціхамірылася, супакоілася, Мішка ўчыніў дэталёвы агляд сваёй новай кватэры, абнюхаў кожны мяшок, прамацаў кожную скрынку. Лынькоў.

2. перан. Прыглядаючыся, вывучаючы, скласці ўяўленне, даведацца пра каго‑, што‑н. Далідовіч папрасіў сувязнога, .. каб той добра прамацаў усе закуткі ў гарадку — пакінуў жа там які-небудзь след Бярозка, калі толькі ён быў у Сінілаве. Шахавец.

3. Мацаць некаторы час.

прама́цванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прамацваць — прамацаць.