прама́цвацца, ‑аецца; незак.
1. Выяўляцца, вызначацца пры абмацванні.
2. Зал. да прамацваць.
прама́цваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прамацаць (у 1, 2 знач.).
прамачы́цца, ‑мачуся, ‑мочышся, ‑мочыцца; зак.
Стаць наскрозь мокрым, вільготным; прамокнуць. Ногі прамачыліся.
прамачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., што.
Насыціць вільгаццю. — Глядзіце, які дождж тут прайшоў, а там дык і не капнула. Хаця б у нас прамачыў зямлю, — разважала старая калгасніца. Шамякін. // Зрабіць мокрым; вымачыць (адзенне, абутак на кім‑н.). Пераходзіць цераз ручаіну можна было, не баючыся прамачыць ногі. Курто.
•••
Прамачыць горла — трохі выпіць.
прама́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Промах, памылка, недагляд у чым‑н. [Жэня:] — Глядзіце, каб у вас не выйшла якой прамашкі ці неасцярожнасці. Кулакоўскі. — І так прамашак багата: у адным месцы Лабановіч — Андрэй Міхайлавіч, а ў другім — Пятровіч. Лужанін.
праме́жак, ‑жку, м.
1. Прастора паміж чым‑н. Трэці [арыштаваны] ляжыць у кутку, у прамежку паміж дзвярамі і ложкам. Навуменка. Дамы стаяць не прыціснутыя адзін да аднаго, а з прамежкамі паміж імі, каб адзін будынак не зацяняўся другім, каб кожны з іх ахінаўся святлом з усіх бакоў. Хадкевіч.
2. Час, які аддзяляе адно дзеянне, з’яву і пад. ад другога. Праз пэўныя прамежкі часу ў чорнае неба ўзляталі ракеты. Шашкоў.
праме́жкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтварае сабой прамежак, прастору паміж чым‑н. Прамежкавая адлегласць.
2. Які знаходзіцца, размяшчаецца ў прамежку паміж чым‑н.; не асноўны, не галоўны. Гадзіны праз тры, сама болей праз чатыры, .. [Ксеня] будзе ў Чымкенце. Калі, вядома, нічога не здарыцца ў дарозе, калі ніхто не прагоніць яе з тормаза дзе-небудзь на прамежкавай станцыі. Васілёнак.
3. Які займае сярэдняе становішча паміж процілеглымі з’явамі. Канстанцін Лапінка ўсё бачыць і ўсё разумее, але хацеў бы .. заняць прамежкавае становішча паміж варожымі станамі. Кучар. // Спец. Які не можа быць аднесены да пэўнай катэгорыі, спалучае розныя рысы, уласцівыя розным катэгорыям. Прамежкавыя віды. Прамежкавыя формы раслін.
праме́жнасць, ‑і, ж.
Частка цела паміж заднепраходнай адтулінай і знешнімі палавымі органамі (у чалавека і пазваночных жывёл).
праменепадо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які нагадвае сабой прамені.