Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няста́ча, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці, недахоп. Нястача рабочых. Нястача грошай. □ Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра, — здавалася, вось-вось хрусне горла. Быкаў. Шмат гора давялося перажыць.. [Анастасіі Фамінічне] у першыя гады замужжа. Зямлі мелі мала, і заўсёды ў чым-небудзь была нястача. Сіняўскі.

2. Недастача грошай, тавараў, выяўленая пры праверцы магазіна, установы і пад. Калі ў краме ёсць нястача, Дык «усушка» там няйначай. Крапіва. Правяраючы касу, Зіна выявіла нястачу. Васілёнак.

3. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; беднасць. Васіль .. чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і прыйдзе да яго. Колас. Мой край па царскаму закону Быў краем гора і нястач. Астрэйка.

нясто́йкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нястойкага. Нястойкасць рэчыва. □ [Лесарубы] ведалі, што адміністрацыя будзе старацца скрываць забастоўку і ім трэба было прымаць арганізацыйныя меры. Частка навічкоў праяўляла нястойкасць. Машара.

нясто́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якому не ўласціва стойкасць; нетрывалы, слабы. Нястойкія духі.

2. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву. Нястойкі чалавек.

нясто́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нястомнага; вынослівасць.

нясто́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае стомы; вынослівы. Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Настойлівы, упарты. Паэт быў шчырым у сваіх ацэнках і нястомным у пошуках новага, што магло б узбагаціць паэзію. Майхровіч.

2. Неаслабны, пастаянны. Я прыпамінаю Палессе з яго нястомным гоманам птушак. Галавач. Павел, калі яго пасля брыгадзірства паслалі кіраваць работай клуба, выдатна спраўляўся і з гэтым абавязкам. Патрэбны былі нястомная выдумка, кемлівасць і душа. Брыль.

нястра́ўнасць, ‑і, ж.

Спец. Хвароба страўніка, пры якой ускладняецца ператраўліванне і засваенне ежы.

нястро́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан нястройнага.

нястро́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нязграбную, няскладную постаць. Убег у штаб дывізіі хударлявы, нястройны паручнік. Нікановіч.

2. Пазбаўлены стройнасці, мілагучнасці. Словы, спачатку прыглушаныя, нястройныя, рабіліся ўсё выразней, гучней. І вось яны зліліся ў магутную песню. Лынькоў.

3. Бязладны, хаатычны; неарганізаваны. Танкісты шумліва, нястройным гуртам накіравалася да шасэ. Мележ. Брычка ехала па праспекце, а за ёю па бруку, па тратуарах ішоў нястройны трохтысячны натоўп. Арабей.

нястры́жаны, ‑ая, ‑ае.

Якога даўно не стрыглі. З-пад шапкі лезла калматая, нястрыжаная чупрына. Брыль.

нястры́манасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нястрыманага; няздольнасць або няўменне стрымлівацца. [Жанчыны] прыціхлі, засаромеліся саміх сябе, сваёй нястрыманасці. Шамякін.