Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тры́ба 1, ‑ы, ж.

Разм. Шасцярня малатарні. [Марыля] была з ганьбай: на правай руцэ тры крайнія пальцы наўскасяк аджавала трыбай малатарні. Брыль.

тры́ба 2, ‑ы, ж.

Гіст. Кожная з трох груп родаў, якія складалі патрыцыянскую абшчыну; кожная з трох адміністрацыйна-тэрытарыяльных акруг Старажытнага Рыма.

[Лац. tribus.]

трыбалюмінесцэ́нцыя, ‑і, ж.

Свячэнне цел у час іх трэння, разлому, раздаўлівання і пад.

трыбаэлектры́чнасць, ‑і, ж.

З’ява ўзнікнення электрычных зарадаў пры трэнні.

[Ад грэч. tribos — трэнне.]

трыбра́хій, ‑я, м.

У антычным вершаскладанні — стапа з трох кароткіх складоў.

[Грэч. tribrachys.]

трыбу́н, ‑а, м.

1. Гіст. Назва розных службовых асоб у Старажытным Рыме. Ваенны трыбун. Народны трыбун.

2. Грамадскі дзеяч — выдатны прамоўца і публіцыст. [Шэмет:] — Цяжкую страту панесла, партыя, няма ў жывых яе лепшага трыбуна [Кірава]. Лобан. // Выразнік чыіх‑н. ідэй, прынцыпаў, імкненняў. Трыбун сялянскіх мас.

[Лац. tribune.]

трыбу́на, ‑ы, ж.

1. Узвышэнне для выступлення прамоўцы. Апошняе слова сказаў сам Лапко. Яму прыйшлося выйсці з свайго кутка на трыбуну. Колас. Глеб Іванавіч узышоў на драўляную трыбуну, прыкрытую чырвоным паркалем, узняў зялёны вучнёўскі сшытак, і тлум угаманіўся. Дуброўскі. // перан. Месца, сфера, дзе праходзіць грамадская дзейнасць каго‑н. Тэатр — трыбуна эпохі. «ЛіМ». [Давідзюк:] — Газета — гэта трыбуна, з якой трэба гаварыць палітычна выразна, класава накіравана, а не балбатаць тое, што трапляецца на язык. Сабаленка.

2. Збудаванне з паступовым узвышэннем радоў, лавак для публікі (на стадыёнах, на плошчах і пад.). У гэты дзень трыбуны зімовага стадыёна былі перапоўненыя. «Звязда».

[Фр. tribune.]

трыбуна́л, ‑а, м.

1. Спецыяльны судовы орган па разгляду ваенных і асабліва цяжкіх грамадзянскіх злачынстваў. Ваенны трыбунал. □ [Мірон Іванавіч:] — Аднак ты гарачая ў нас, Надзежда Астапаўна, Цябе б проста старшынёй спецыяльнага трыбунала. Лынькоў. // зб. Суддзі, судовая калегія гэтага органа. — Таварыш палкоўнік, а можа цяпер ззавём трыбунал? — для паўнаты карціны спытаў я. Няхай.

2. Разгляд судовых спраў такім органам. За цюк бязі, украдзены з чужога эшалона, калі ехалі з-пад Выбарга ў Гарту, двое разведчыкаў пайшлі пад трыбунал. Навуменка. // Судовае пасяджэнне гэтага органа.

[Ад лац. tribunal — судзілішча.]

трыбу́х, ‑а, м.

Разм.

1. Страўнік.

2. Іран. Жывот. — А што князю мужык, беззямельнае сялянства! Быў бы напханы свой трыбух... Вешаць трэба такіх гадаў! — злосна заключыў Янка. Колас. // Пра тоўстага чалавека. [Залыгін:] Вайна — гэта мясабойня для трыбухоў багацеяў. Мележ.

3. толькі мн. (трыбухі́, ‑оў). Вантробы (страўнік, кішкі і пад.).

трыбуха́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З вялікім трыбухом, жыватом. Як па стандарту — здаравенны і трыбухаты, ледзь той рэмень трымаецца спражкай на пупе, у фанабэрыста-суровым шлеме «пікельгаўб», гер шуцман, якога ўсё жывое ведала тут па прозвішчу і імені, узвышаўся на плошчы няўмольным і непрыступным увасабленнем правапарадку. Брыль. Конь у Пошты стары, маленькі, трыбухаты. Крапіва. / у знач. наз. трыбуха́ты, ‑ага, м. — Но-о, трыбухаты, — махаў пугаю Гальяш. Гурскі.

трыбуха́ч, ‑а, м.

Разм. Чалавек з празмерна вялікім жыватом. // перан. Пра багацея, эксплуататара. — Ну, скора будзе канец трыбухачам! Пад «трыбухачамі» Аўмень разумее ўсіх паноў і шышак. Паясняць гэта сваёй аўдыторыі не трэба — усе ведаюць, хто такія трыбухачы. Колас.