аб’ёмісты, ‑ая, ‑ае.
Вялікі аб’ёмам. Гэта быў даволі аб’ёмісты рукапіс, два гады пісаны. Брыль.
аб’ёмнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць аб’ёмнага. Аб’ёмнасць абмалёўкі. Аб’ёмнасць прадметаў.
аб’ёмны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да аб’ёму (у 1 знач.). Аб’ёмнае вымярэнне. Аб’ёмны аналіз. // Які мае трохмерныя паказчыкі. Аб’ёмнае кіно. □ Асабліва яркае ўвасабленне калгасная тэматыка атрымала ў творах круглай аб’ёмнай скульптуры. «Беларусь».
2. Вялікага аб’ёму, памеру. Аб’ёмны твор.
абжава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абжаваць.
абжава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; ‑жуём, ‑жуяце; зак., што.
Разм. Пажаваць збольшага, памяць зубамі.
абжані́ць, ‑жаню, ‑жэніш, ‑жэніць; зак., каго.
Разм. Тое, што і ажаніць.
абжа́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абжаць.
2. у знач. прым. Пра што‑н., вакол чаго ў непасрэднай блізкасці зжата збажына, трава і пад. Абжаты камень.
абжа́цца, абажнецца; зак.
Разм. Стаць добра жаць, рэзаць (пра серп, жняярку).
абжа́ць, абажну, абажнеш, абажне; абажнём, абажняце; зак., што.
Зжаць што‑н. вакол чаго‑н. Васіль жартаваў з машыністамі, дапамог абжаць новы ўчастак. Савіцкі.
абжо́ра, ‑ы, м. і ж.
Разм. Той, хто любіць многа есці; прагны да яды. Сярод.. [рыбак], свецячы белым распухлым жыватом, плаваў і сам абжора — шчупак. Аляхновіч. [Ярохін:] — А вось гэты тлусты пан, відаць, вялікі абжора. Шамякін.