прадба́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прадбачыцца.
2. Зал. да прадбачваць.
прадба́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прадбачыць.
прадба́члівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прадбачлівага. Яго заўсёды здзіўляла ў жанчынах прадбачлівасць і, асабліва, іх мацярынская сіла. Карпаў.
прадба́члівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны прадбачыць. Прадбачлівы, нястомны, неадольны, Ён [Ленін] выпраўляў на подзвігі палкі, І днём, і ноччу у бяссонны Смольны Ішлі з усёй Расіі хадакі. Грахоўскі.
прадба́чыцца, ‑чыцца; зак.
Уявіцца ў думках (пра тое, што павінна адбыцца). Па тым, якое высокае стаяла над лесам неба, можна было меркаваць, што дажджу сёння не прадбачылася. Чыгрынаў. — Значыць, гэта адступленне прадбачылася раней, бо патрэбен быў новы плацдарм. Машара.
прадба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Убачыць наперад, угадаць тое, што павінна адбыцца. Менавіта такую гаворку Антон і прадбачыў: Шыбасаў не будзе віляць, шукаць нейкія адгаворкі, не будзе апраўдвацца. Савіцкі. Я пытаю, ці дома Шайпак. — Як?.. Няма яго дома? Не прадбачыў я гэта ніяк. Куляшоў. // Вывучаючы, аналізуючы факты, даныя і пад., зрабіць правільны вывад аб далейшым развіцці чаго‑н. — Але і самы геніяльны камандуючы не можа ўсё прадбачыць, усё разлічыць, кожны ход ажно да перамогі. Шамякін.
прадвадзі́цель, ‑я, м.
1. Кіраўнік, важак.
2. Тое, што і прадвадзіцель дваранства.
•••
Прадвадзіцель дваранства — прадстаўнік дваранства, які выбіраўся ў царскай Расіі губернскім ці павятовым дваранскім сходам.
прадвадзі́цельскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прадвадзіцеля.
прадвадзі́цельства, ‑а, н.
Пасада прадвадзіцеля дваранства ў царскай Расіі.
прадве́сне, ‑я, н.
Час, які папярэднічае вясне. Было прадвесне — сакавік, але дзень па-зімоваму халодны, хмурны. Шамякін.