прадаўгава́ты, ‑ая, ‑ае.
Падоўжаны; большы ў даўжыню, чым у шырыню. У вузкім, прадаўгаватым пакоі паўзмрок, на стале, з краю, лямпа, вокны завешаны шчыльнай чорнай паперай. Навуменка. Свежыя, зялёныя, прадаўгаватыя — адзін у адзін — .. [агуркі] радавалі вока гаспадыні і госця. Пальчэўскі.
прадаўжа́льнік, ‑а, м.
Той, хто прадаўжае справу, ідэі свайго папярэдніка. Піліп Пестрак — цудоўны прадаўжальнік лепшых традыцый, якія склаліся ў беларускай літаратуры. Кучар.
прадаўжа́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прадоўжыцца.
2. Зал. да прадаўжаць.
прадаўжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прадоўжыць.
прадаўжэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прадаўжаць — прадоўжыць і прадаўжацца — прадоўжыцца.
2. Тое, што наступае непасрэдна за чым‑н.; працяг.
прадаўшчы́ца, ‑ы, ж.
Жанчына-прадавец. Прадаўшчыца пачынала ўжо звяртаць увагу: чаго гэты чалавек тут стаіць і нічога не купляе? Сабаленка.
прада́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. прадаўся, ‑далася, ‑далося; зак.
Перайсці на бок праціўніка з-за карысці, уласнай выгады. [Лясніцкі:] — Праз Яню і Марусю мы і дазналіся, што Бразінскі прадаўся СД. Новікаў. — Ваяка, — разглядаючы.. [паліцая], з усмешкай заўважыў Бацька. — Даўно прадаўся? Няхай.
прада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. прадаў, ‑дала, ‑дало; заг. прадай; зак., каго-што.
1. Аддаць за пэўную плату. [Гарасім] хацеў прадаць зямлю, а грошы раздаць бедным. Чарнышэвіч.
2. Выдаць каго‑н., здрадзіць каму‑, чаму‑н. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. [Ткачук:] — І знаеш, думаў я, думаў і надумаўся схадзіць усё ж уначы да Мароза. Няўжо, думаю, ён прадасць мяне? Быкаў.
•••
Спаць як пшаніцу прадаўшы гл. спаць.
прадба́чанне, ‑я, н.
Здольнасць прадбачыць тое, што павінна адбыцца. Навуковае прадбачанне. // Меркаванне аб тым, што павінна адбыцца. Бывае, што прадбачанні нават вопытных людзей аказваюцца памылковымі. Ермаловіч.