Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прагандлява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Панесці страты, разарыцца ад гандлю. [Астапчык:] — Ні Павалковіч, ні яго бацька на зямлі па-сапраўднаму, па-сялянску не працавалі. Дзед быў нават заможны гандляр. Бацька любіў гарэліцу і прагандляваўся. Машара.

прагандлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак.

1. каго-што. Панесці страты гандлюючы; прагандлявацца.

2. чым і без дап. Гандляваць некаторы час. [Сяргея] пакінулі ў спакоі, і ён прагандляваў да самай вайны. Лынькоў.

праганя́цца ​1, ‑яецца; незак.

Зал. да праганяць ​1.

праганя́цца ​2, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Ганяцца за кім‑, чым‑н. некаторы час.

праганя́ць ​1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прагнаць.

праганя́ць ​2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што і без дап.

Ганяць некаторы час.

прагарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Гараваць некаторы час. Прагараваўшы ўсю ноч у роздумах і душэўных супярэчнасцях, хлопец заснуў толькі пад раніцу і прачнуўся позна. Кулакоўскі.

прагара́ць, ‑ае.

Незак. да прагарэць (у 1, 2 і 3 знач.).

прага́рваць, ‑ае.

Незак. да прагарэць (у 1, 2 і 3 знач.).

прагарла́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

Разм. Тое, што і прагарлапаніць. Ужо даўно прагарланіў у Пышкавічах разбойны певень, пачало ўсходзіць сонца, сабраліся на штодзённы ранішні нарад брыгадзіры, а Карніцкі ўсё не выходзіў з зямлянкі. Паслядовіч.

прагарлапа́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

Разм.

1. Вельмі моцна пракрычаць, праспяваць што‑н.

2. Гарлапаніць некаторы час.

прагарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., што.

1. Гартаючы, перабраць старонкі, лісты чаго‑н.

2. Разграбаючы, прачысціць.