Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пра́га, ‑і, ДМ празе, ж.

1. Жаданне, патрэбнасць піць. Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі, Точыць смага, прага піць. А. Александровіч.

2. чаго, да чаго. Моцнае жаданне чаго‑н. Відаць, у гэтага чалавека жалезная самадысцыпліна, велізарная прага да жыцця. М. Ткачоў. Прага помсты за спаленыя вёскі і смерць блізкіх падвоіла рады партызан. Сачанка.

прагаблёваны,

гл. прагабляваны.

прагаблёўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прагаблёўваць — прагабляваць.

прагаблёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прагабляваць.

прагаблява́ны і прагаблёваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прагабляваць.

прагаблява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

1. Выгабляваць усю паверхню чаго‑н.

2. Зрабіць гэблем палоску ў чым‑н.

3. і без дап. Габляваць некаторы час.

прагавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак.

Незнарок сказаць тое, чаго нельга гаварыць; выдаць тайну. Васіль ледзь не прагаварыўся, што ён ведае, дзе яго бацька хавае золата і польскія маркі. Пальчэўскі.

прагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑ворыць; зак.

1. што і без дап. Прамовіць, сказаць. Грышка пазіраў на бацьку і на незнаёмага і ад радасці не мог прагаварыць слова... Чарот. — А ведаеце, я ганаруся гэтай адмовай! — горача прагаварыла Эма. Васілевіч.

2. Правесці некаторы час у размове. Так мы прагаварылі з .. [настаўніцай] аж да прыцемкаў. Кавалёў.

прагаві́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прагавітага. А твары партнёраў, рэзка змененыя прагавітасцю да грошай, яшчэ больш павялічвалі непрыемнае адчуванне. Колас.

прагаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і прагны. Саўка неспакойнымі прагавітымі вачамі акінуў стол і закуску на ім. Колас. Смалякоў тым часам схапіўся за флягу, паднёс яе да губ, дрыжачых, пасінелых, зрабіў некалькі прагавітых глыткоў. Чыгрынаў. Асабліва нясцерпнай была туга вечарамі, калі з таго боку астрога, дзе сядзелі крымінальнікі, у камеру даляталі песні. Нудныя, поўныя жалю, прагавітага жадання волі. Машара. Такі прагавіты і скнарлівы чалавек [Аляксей Гусак], што аж дзіва. Паслядовіч.