Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няпло́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няплоднага. Няплоднасць саду.

няпло́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не прыносіць, дае мала пладоў. Няплодная вішня. Няплодная глеба.

2. Які не можа даць патомства. Аношка з жонкаю няплодны — Не павялося на дзяцей. Колас.

няпо́ўнасцю, прысл.

Не ў поўным аб’ёме. Няпоўнасцю выкарыстаць вытворчыя магчымасці. // Не ва ўсіх адносінах, не зусім. Няпоўнасцю раскрыць свой характар.

няпо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Запоўнены чым‑н. не да краёў, не да верху. Пачак быў ужо распячатаны і няпоўны. Чарнышэвіч. Здаравенны фельдфебель, мардаты, вусаты,.. з няпоўным кухлем у руцэ, узбіўся з ботамі на стол, пайшоў па ім... Брыль.

2. Які праяўляецца не ў поўнай меры. Так без шуму, без адзінага выстралу захапілі [партызаны] вялікую колькасць палонных, батарэю, некалькі кулямётаў.. Але радасць гэтай выключнай перамогі была няпоўнай. Лынькоў. Мне здаецца і шчасце маё будзе няпоўным, калі я пакіну школу. Шамякін.

3. Які не дасягнуў пэўнай нормы, мяжы, неабходных памераў. Па небе павольна плыў няпоўны месяц. Шамякін. // Які не мае поўнага камплекту, саставу; не ўвесь. Няпоўная калекцыя. □ Брыгада няпоўная — пяць хлопцаў. Адам незадаволены. Нядзведскі. // Які не з’яўляецца вычарпальным. Няпоўная інфармацыя. Няпоўнае азнаямленне. □ — Па няпоўных дадзеных.. [з Арэхаўкі] пайшло ўжо ў лясы сем чалавек. Шамякін. // Не закончаны, не завершаны да канца. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. Творчы партрэт Бірылы будзе няпоўным, калі мы не скажам аб працы яго ў класічным рэпертуары. «ЛіМ».

няпра́вільна,

1. Прысл. да няправільны.

2. у знач. вык. Памылкова. Якуб Лакота з хвіліну думаў.. і потым адказаў з рашучай цвёрдасцю: — Гэта няправільна і непатрэбна... Зарэцкі.

няпра́вільнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць няправільнага. Няправільнасць тэорыі. □ Выразныя вочы, якія трохі гулліва — так, па крайняй меры, тады здалося мне — пазіралі спадылба, змазвалі і гэтую, бадай адзіную, няправільнасць на яе твары. Чыгрынаў.

2. Адхіленне ад нормы; памылка.

няпра́вільны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не адпавядае якім‑н. правілам, нормам. Няправільнае развіццё арганізма. Няправільнае вымаўленне. □ — Мы вельмі рады, — сказаў.. [Бесо] няправільнай расійскай мовай. Самуйлёнак. // Які не адпавядае правілам сіметрыі. Няправільныя рысы твару.

2. Які не адпавядае ісціне; няверны, памылковы. Суддзя звыкла папярэджвае [сведак] аб адказнасці за няправільныя паказанні. Дадзіёмаў. [Люба:] — А няхай бы вы, будучы ў Мінску, зайшлі да .. [Стафанковіча] і сказалі, што млын кепска меле. [Млынар:] — Гэты абармот даў мне няправільны адрас, і я яго не знайшоў. Чорны.

3. Не такі, як трэба; несправядлівы. Няправільная палітыка. □ [Якуб:] — Па-баявому, па-ваеннаму так... Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць... Зарэцкі.

•••

Няправільны дзеяслоў гл. дзеяслоў.

Няправільны дроб гл. дроб.

няпра́ўда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Тое, што знаходзіцца ў супярэчнасці з праўдай; хлусня, мана. — Па-мойму, нічога няма добрага [у жыцці вясковага настаўніка], — скептычна адказвае Вольга Віктараўна. — Няпраўда, Вольга Віктараўна, — ёсць! Колас.

2. Ашуканства; падман. З нечым цяжкім на сэрцы выйшла я з касцёла, дзе ўбачыла столькі абману і няпраўды. Чорны.

няпро́шаны, ‑ая, ‑ае.

Які з’явіўся куды‑н. без запрашэння; нечаканы, нежаданы. Хлопчык ведаў: стары не любіць, калі ў садзе з’яўляюцца няпрошаныя госці. Сіняўскі. Слухаючы камандзіраў, Бярозка хваляваўся, яго часам нават апаноўваў няпрошаны страх. Шахавец. «Вось і схадзілі ў кіно», — падумала жонка, выціраючы няпрошаныя слёзы. Лынькоў.

няпэ́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан няпэўнага. Няпэўнасць рухаў. Няпэўнасць чутак.

2. Няпэўнае становішча. [Хадкевіч:] — Дрэнны канец, кажуць, лепш за прыемную няпэўнасць... Васілевіч. Аднаму і другому трэба было на нешта наважыцца, выясніць сваё становішча, пазбавіцца гэтай няпэўнасці. Колас.