Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

по́ртэрны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да портэру.

2. у знач. наз. по́ртэрная, ‑ай, ж. Уст. Піўная.

по́руч, прысл.

Побач, поплеч. Старэнькая бабулька, што сядзела поруч з Рыгорам, суцешна паглядала на іх. Гартны. Поруч з яго [Рашчынскага] сталом стаяў стол стыль-рэдактара Івана Курбана. Сабаленка. // Каля (каго‑, чаго‑н.), недалёка, паблізу, блізка. Жанчына палола грады, а Святланка сядзела поруч. Даніленка. На гэту спробу недзе зусім поруч адгукаецца тоненькім голасам другая птушка. Васілевіч.

по́ручні, ‑яў; адз. поручань, ‑чня, м.

1. Прут, брусок на трапах, пры дзвярах вагона і пад., за якія трымаюцца рукамі пры спуску, пад’ёме; парэнчы. Наташа схавалася ў пад’ездзе чужога дома і прытулілася да поручняў на лесвіцы. Гарбук.

2. Апора для рук у крэсле, калясцы і пад. [Андрыяну Цітавічу] нязвычна было ў сваім кабінеце сядзець з боку стала, не на сваім вышліфаваным крэсле з поручнямі. Марціновіч.

по́ручы, ‑аў; адз. няма.

1. Гіст. Частка брані або лат, якая ахоўвала рукі ад локця да кісці.

2. Парчовыя нарукаўнікі ў адзежы свяшчэннаслужыцеляў.

по́рхаўка, ‑і, ДМ ‑хаўцы; Р мн. ‑хавак; ж.

Шарападобны грыб, мякаць якога пры высыханні ператвараецца ў цёмны пыл. Спынілася работа на полі, выліліся рэчкі з берагоў, паплылі пракосы, копы. Забялеліся ўзлескі ад порхавак. Колас.

по́рцік, ‑а, м.

Галерэя з калонамі, якая амаль заўсёды з’яўляецца часткай вялікага будынка. Новы гмах з каланадай і порцікам пры ўваходзе сапраўды можна было назваць палацам. Хведаровіч.

[Лац. porticus.]

по́рцыя, ‑і, ж.

Пэўная колькасць чаго‑н. [Дзед Талаш] засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас. Пасля таго, як выпіты першыя шклянкі, у чайнік кладзецца новая порцыя цукру і новыя лісткі мяты, наліваецца свежы вар. В. Вольскі. // Ежа або напітак, разлічаныя на аднаго едака ў сталовай ці рэстаране. Порцыя кашы. Порцыя катлет.

[Лац. portio.]

по́ршань, ‑шня, м.

Дэталь рухавіка, помпы, кампрэсара і пад., якая рухаецца ўнутры цыліндра і служыць для нагнятання або выпампоўвання вадкасці, газу, пары.

по́ршневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да поршня. Поршневыя кольцы. // Які працуе пры дапамозе поршня. Поршневыя машыны.

по́ршні, ‑яў; адз. поршань, ‑шня, м.

Абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры, сабранай на ступні абораю. Дзеці ішлі насустрач яму, а пастух ішоў так спакойна заграбаючы скуранымі поршнямі пыл, што аж зайздрасць брала. Караткевіч.