Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

по́плеч, прысл.

У непасрэднай блізкасці з кім‑н., плячо з плячом, поруч, побач. Каля пярэдняга воза поплеч ішлі Сымон Мікуць і Міхал Стальмаховіч. Чорны. І вось так прыпала якраз, што Уладзіку давялося ляжаць у тым асінніку поплеч з дзядзькам Сцяпанам. Краўчанка. Падняў Бурмагін роту ў атаку, сам поплеч з хлопцамі бег. Мыслівец.

по́пліска, ‑і, ДМ ‑лісцы; Р мн. ‑сак; ж.

Разм. Кій, палка. Не трапіла пад рукі попліскі на дварэ, дык .. [дзядзька] ускочыў у хату і крычыць жонцы: — Давай сякеру! Лужанін.

по́прадкі, ‑дак; адз. няма.

Разм. Вячоркі, на якіх прадуць. На канікулы .. [сябры] разам ездзілі да бацькоў у Рудзенск і ў доўгія зімовыя вечары заглядалі часта на попрадкі да вясковых дзяўчат. Хведаровіч.

по́праўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Тое, што і папраўка (у 2 знач.). Толькі дзён праз тры лягчэй уздыхнулі і мы і дактары: Канстанцін Міхайлавіч стала пайшоў на попраўку. Лужанін.

по́пусту, прысл.

Разм. Дарэмна, марна. Васіль не пярэчыў. Чаго казаць попусту. Мележ.

по́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.

Патрабаванне на тавар, рабочую сілу; патрэба, неабходнасць у кім‑, чым‑н. А заўтра якраз пятніца, вечарам заходзіць яўрэйскае свята — шабас. У такі час на рыбу надзвычайны попыт. Колас. На кваліфікаваных рабочых тут быў вялікі попыт. Шахавец.

•••

Плацежаздольны попыт — попыт, які вызначаецца колькасцю сродкаў у пакупніка.

по́раты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пароць.

по́раўні, прысл.

Абл. Пры боку, побач. Прыйшоў. Гляджу, не спіць яна. Прылегчы пораўні хачу я. Крапіва.

по́рах, ‑у, м.

1. Выбуховае рэчыва, якое ўжываецца для вырабу зарадаў агнястрэльнай зброі. Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца, Скала непрыступная наша граніца, І пораху хопіць у нас, і свінц[у]. Крапіва.

2. Разм. Пра вельмі жвавага, рухавага чалавека; пра вельмі запальчывага чалавека. Сярод .. [незадаволеных] быў Апанас Хмель, чалавек нецярплівы, словам — іскра, порах. Пестрак.

•••

Бяздымны порах — порах, які гарыць без дыму.

Дымны порах — выбуховая сумесь з салетры, серы і драўніннага вугалю.

Бочка з порахам гл. бочка.

Не нюхаць пораху гл. нюхаць.

Не хапае пораху гл. хапаць.

Пахне порахам гл. пахнуць.

Трымаць порах сухім гл. трымаць.

по́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. пароць (у 2 знач.).