Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

постпазі́цыя, ‑і, ж.

Спец. Становішча слова або сказа пасля іншага слова або сказа, звязанага з ім.

[Ад лац. post — пасля і positio — становішча.]

постпаке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

Спец. Цюк з пісьмамі, адрасаванымі ў адзін пункт.

[Ням. Postpaket.]

по́страх, ‑у, м.

Пагроза для папярэджання магчымых правіннасцей. У цёплай хаце сяброў размарыла, яны засынаюць на хаду. Не памагаюць ні ўгаворы, ні пострахі, ні штурханні. Карпюк.

по́стрыг, ‑у, м.

Царкоўны абрад прыняцця манаства, які суправаджаецца падстрыганнем валасоў.

по́ступ, ‑у, м.

1. Манера ступаць у хадзьбе; паходка. Паручнік, злезшы з свае каламажкі, паволі, важным поступам абышоў усе падводы. Нікановіч. [Салдат] ідзе за афіцэрам, старанна і пужліва прыстасоўваючы свой крок да няпэўнага поступу пана лейтэнанта. Лынькоў.

2. перан. Рух наперад, развіццё, прагрэс. Паспяховы, пераможны поступ Савецкай Арміі выклікаў вялікую радасць. Кавалёў. У цябе [Масква] нечуваная сіла, Поступ дужы, узлёты арла. Броўка. Пераможным поступам ішла па краіне культурная рэвалюцыя. А. Александровіч.

постэмбрыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да часу пасля вызвалення арганізма ад яйцавых і зародкавых абалонак; паслязародкавы. Достэмбрыянальны перыяд.

по́суд, ‑у, М ‑дзе, м., зб.

Гаспадарчае начынне для прыгатавання і падачы ежы, пітва. Дзед быў рамеснікам: ён рабіў медны посуд для навакольных жыхароў і браў папраўляць рэчы. Бядуля. Марыя збірала са сталоў пакінуты ўчора посуд і насіла на кухню. Пестрак.

по́сул, ‑у, м.

Разм. Абяцанне. Эх вы, думкі-вывітушкі! Ды няверныя вы служкі: Посул шчасця вам вялікі, А плод — шып калючы, дзікі! Колас.

по́суху, прысл.

Разм. Па сухім месцы, сухім шляхам. Унь ля ганку і каменьчыкі тыя, якімі.. [Нявада] вылажыў сцежку цераз двор, каб посуху хадзіць у дажджы. Чорны.

по́сцілка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Лёгкая саматканая коўдра або прасціна, якую рассцілаюць на пасцель або якой накрываюцца ці засцілаюць ложак. Гаспадыня зняла з ложка посцілку і завесіла ёю акно. Кулакоўскі. Пасцель была прыбрана, засцелена зверху вясковай посцілкай. Новікаў. // Кавалак тканіны, якой накрываецца або завешваецца што‑н. З-за посцілкі, што завешвала ложак, пачуўся жаночы голас. Пальчэўскі. / у перан. ужыв.; чаго або якая. Лес пасвятлеў, пабялеў і пазбыўся свае хмурай панурасці пад белаю чысцюткаю посцілкаю. Колас.