няла́скавы і неласка́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не праяўляе ласкавасці ў абыходжанні з кім‑н.; суровы. Цяпер Зойка гаворыць добра і вучыцца някепска, але няласкавая дзяўчынка, панурая. Арабей. — Ты штось неласкавай стала да свайго паклонніка, Галіна, — сказаў Астапчык, ён быў даўно і добра знаёмы з Галінай і яе братам. Машара. // Які выяўляе суровасць, адсутнасць ласкавасці. Няласкавае абыходжанне. Няласкавы выгляд твару.
2. Няветлівы, недалікатны ў адносінах да каго‑н. Няласкавы прыём. Няласкавы гаспадар.
нялёгка,
1. Прысл. да нялёгкі.
2. безас. у знач. вык. Пра цяжкі маральны стан, у якім хто‑н. знаходзіцца. Не шумі ж ты, цёмны гаю, бо мне й так нялёгка. Трус.
нялёгкі, ‑ая, ‑ае.
1. Значны па вазе, даволі цяжкі. Воз нялёгкі Па гразі Па калодкі грузне. Крапіва.
2. Які патрабуе шмат энергіі, сіл; цяжкі. Праца была нялёгкая. Хто не ведае працы балагола?.. Гартны. Паход цэлым атрадам быў нялёгкім, асабліва таму, што пяхота ўвесь час замаруджвала ход конніцы. Брыль. // Такі, якога можна дасягнуць шляхам вялікіх намаганняў, з вялікай цяжкасцю. Тры нялёгкія заданні Мне жыццё дало: На начной дарозе дальняй Адшукаць святло; Скласці песню на той мове І на той зямлі, Над якой у час суровы Буры прагулі; Пакідаючы краіну з сонцам веснавым, Сад квітнеючы пакінуць Па шляху сваім. Танк. // Які звязаны з цяжкасцямі. Рая з наіўнасцю пераймае ўсё, што робіць гэтая спрактыкаваная жанчына, — вучыцца нескладаным, але і нялёгкім абавязкам маці. Шамякін. Усё жыццё — нялёгкая вандроўка. А. Вольскі.
нялётны, ‑ая, ‑ае.
Неспрыяльны для палёту (пра надвор’е, час і пад.). Надвор’е ў першай палавіне дня было хмурнае, амаль нялётнае. Шамякін.
нялі́тасцівы і нелітасці́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не ведае літасці; бязлітасны, жорсткі. Нялітасцівы чалавек.
нялі́шне,
1. Прысл. да нялішні.
2. безас. у знач. вык., з інф. Не шкодзіць, варта. Калі дзе коні пачалі худзець, Нялішне будзе паглядзець У канюхоўскія кішэні. Корбан.
нялі́шні, ‑яя, ‑яе.
Патрэбны, небескарысны. Перасцярога будзе нялішняй.
няло́ўка,
1. Прысл. да нялоўкі.
2. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё ніякаватасці, сораму, якое перажывае хто‑н. [Лабановіч:] — Я ніяк не думаў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка. Колас. Шмат разоў я калісь на начлезе, Прызнавацца сягоння нялоўка, Нібы бачыў: лясун з дрэва лезе. Чарот. // з інф. Пра ўсведамленне нялоўкасці зрабіць што‑н. [Лазавы:] — А чаго чырванееце..? Нялоўка казаць нядобрае пра свайго калегу ды яшчэ начальства? Васілевіч. Рыгору трэба было збочыць, але Рымар вёў яго з сабою, і яму нялоўка было сказаць, што ім далей не па дарозе. Арабей.
няло́ўкасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нялоўкага.
2. Пачуццё ніякаватасці, сораму; няёмкасць. Аграном глядзеў на.. [Язэпа] з той нялоўкасцю, з якой заўсёды здаровы глядзіць на хворага. Бядуля. Саханюк апусціў вочы, як бы пачуўшы нейкую нялоўкасць, а потым ускінуў іх на калегу. Колас.
няло́ўкі, ‑ая, ‑ае.
1. Няспрытны, непаваротлівы. Нялоўкі ў гульнях. Нялоўкі ў рабоце.
2. перан. Непрыемны, цяжкі; няёмкі. Наступіла нялоўкае маўчанне і сярод слухачоў. Вірня. Хвіліну цягнулася нялоўкая цішыня. Шамякін.