Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Удараць, стукаць далонню аб далонь або далонню па чым‑н. І тут перад.. [Васілём Андрэевічам] карціна: дзеці гуляюць у карагод, а Хамянок пасярэдзіне і ў далоні пляскае. Ракітны. Як малы, пляскае ў далоні Сяргей, лежачы разам з Вінцэсем Шастаком у густым шыпшынніку. Мікуліч.

пляска́ць ​1, пляшчу́, пле́шчаш, пле́шча; заг. пляшчы́; незак.

1. Удараць аб што‑н. з шумам, пляскам (пра ваду ці іншую вадкасць). Аднастайна пляскала ў бераг вясенняя вада. Краўчанка. Уздыхае свабодна рака, Плешча хваляй у бераг няроўны. Астрэйка. // Удараць, стукаць чым‑н. па вадзе. Набываў надвячоркам на Доўгіх азёрах, паслухаў, як у ціхіх затоках плешчуць хвастамі раз’ятраныя шчупакі. Краўчанка.

2. Стукаць, удараць чым‑н. плоскім. Алёна ў вадзе стаіць па калена, плешча моцна пранікам, а пырскі далёка раскідаюцца, і пранік выбівае «тахты»... Каваль.

3. Тое, што і пля́скаць. Зайка скача, плешча ў лапкі: — Я такой не бачыў шапкі! А. Александровіч. — Браты партызаны! Чаму ж вы не плешчаце ў ладкі? Колас. Напружанасць спадае ў адно імгненне. Дырэктар плешча ў далоні. Вітка.

•••

Пляскаць языком — гаварыць многа і абы-што.

пляска́ць ​2, пляшчу́, пле́шчаш, пле́шча; заг. пляшчы́; незак., што.

Рабіць пляскатым, плюшчыць. Снарад такі ўгоніш у калодку абухом, а зверху на ім, на пяце, раўняй што хочаш, пляшчы канец, каб цвік той лепш у лагу лез, калі ты яго не наўскос адсек. Пташнікаў.

пляска́ч, плескача, м.

Разм. Гучны ўдар далонню па якой‑н. частцы цела. Меншы сын абярнуў у кухні вядро з вадой, і Ваўчок даў яму моцнага плескача. Хадкевіч. Пятрок падхапіў .. [Просю] аберуч і ўляпіў гэткага плескача, што аж слёзы пакаціліся на вочы. Сабаленка.

пля́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм.

1. З шумам упасці. Мужчына, нібы мяч, адляцеў назад, спатыкнуўся аб табурэтку, і з усяго размаху пляснуўся на падлогу. Шамякін.

2. Ударыцца. [Крушынскі] пляснуўся цёплым носам аб халоднае шкло акна. Бядуля.

•••

Не пляснуцца тварам у гразь — тое, што і не ўдарыць тварам у гразь (гл. ударыць).

пля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. без дап. Ударыць, стукнуць з пляскам. Каля лодкі рыбіна злосна пляснула шырокім хвастом па вадзе, спрабуючы нырнуць пад ніз. Ігнаценка.

2. каго і без дап. Ударыць, стукнуць далонню аб далонь або далонню па кім‑, чым‑н. — Што ты нарабіла? — пляснула далонямі Поля, да якой не адразу дайшло, што здарылася. Шамякін. Дзверы адчыніла мне цётка. Пляснула ў далоні, ледзьве зірнула на мяне. Савіцкі. Я прамармытаў нешта, а ён пляснуў мяне па плячы: — Значыць, дамовіліся! Рунец.

3. што. Разм. Кінуць што‑н. з шумам, з пляскам. Тады Алёша з размаху пляснуў аб падлогу мокрую анучку і рушыў да дзвярэй. Шамякін. // Упасці з шумам.

4. што або чаго. Разм. Плюхнуць на каго‑н., у што‑н. Бабка бразнула пустым посудам, ссыпала ўсе лыжкі і міскі ў начоўкі, пляснула гарачай вады. Каліна.

плясь, выкл.

Разм.

1. Абазначае гук ад удару чым‑н. плоскім.

2. у знач. вык. Адпавядае значэнню дзеясловаў: пляснуць, пляснуцца і пляскаць ​1, пляскацца ​1. — Я — плясь вунь у тую лужыну жыватом. Жычка.

плятка́р, плеткара, м.

Той, хто любіць пляткарыць. Хочацца голасна сказаць усім гэтым плеткарам, што яны лгуць, брэшуць! Колас.

плятка́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да пляткар.

плятка́рства, ‑а, н.

Распаўсюджванне плётак ​2. Цудоўны быў ён чалавек, Пляткарства не любіў. Лойка. Каго абвінавачваць у пляткарстве? Гэткага яшчэ ніколі не было. Міхась прывык толькі да пахвальбы. Ваданосаў.

плятка́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Рабіць, разносіць плёткі ​2. [Гарлахвацкі:] Чорт знае што! З вуліцы зброд ўсялякі лезе ў кабінет. Пляткараць, распуснічаюць. Крапіва.

пляц, ‑а, м.

1. Зямля пад сядзібай, сядзіба. Вадап’ян усімі сродкамі стараецца барзджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. [Валодзя:] — Мы ж засеялі шэсцьдзесят сотак, наш асабісты пляц, што калгас даў. Федасеенка.

2. Вялікая незабудаваная тэрыторыя ў горадзе або вёсцы, прызначаная для якой‑н. мэты. На пясчаным пляцы перад будынкам вакзала гамана і крык. Навуменка. Жывой гамонкай да світання Пляцы і вуліцы гулі. Астрэйка. З завулка .. [Круміньскі] хутка трапіў на маўклівы і гразкі пляц гарадскога рынку, перайшоў яго наўскасяк і апынуўся перад патрэбным яму домам. Галавач.

3. Гіст. Плошча для ваенных парадаў і страявых заняткаў. Па ўсяму пляцу салдаты займаліся страявой падрыхтоўкай. Хомчанка. А там далей, праз раку, — пляц, дзе гарматны свінец касіў надзею маладой Расіі, яе сумленне — дзекабрыстаў. Ліс.

[Ням. Platz.]