Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пля́мкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які лёгка пляміцца.

пляск, ‑у, м.

Разм.

1. Гук, які атрымліваецца пры ўдары чым‑н. па вадзе або вады аб што‑н. Праз момант пачуўся глухі пляск вады. Колас.

2. Гук, які атрымліваецца пры ўдары далоні аб далонь або далонню па чым‑н. Вечар. Тэатр. Далоняў пляск. Дудар. Марш заканчваецца гучным пляскам далоні па стале. Шамякін.

пля́сканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пляскаць — пляснуць.

пляска́нне ​1, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пляскаць ​1.

пляска́нне ​2, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пляскаць ​2.

пляска́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Дзеепрым. зал. пр. ад пляскаць ​2.

пляскатагало́вы, ‑ая, ‑ае.

З пляскатай галавой.

пляскатагру́ды, ‑ая, ‑ае.

З плоскімі грудзьмі.

пляскатано́сы, ‑ая, ‑ае.

З пляскатым носам.

пляска́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пляскатага. Пляскатасць ступні.

пляска́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Без звычайнай пукатасці, прыплюснуты. Пляскаты лоб. □ Хлопчык, падобны з твару на маці — паўнашчокі, з чорнымі вачыма і крышку пляскатым носам, — абхапіў бацьку за шыю. Хадкевіч.

2. Які мае невялікую вышыню або таўшчыню пры прамой і роўнай паверхні. Хістаючыся, Алесь пасунуўся да прызбы, выграб вялікі пляскаты камень, падняў у сябе над галавою, але камень сарваўся з рук. Адамчык. Хлопцы прынеслі толькі пляскаты нямецкі штых. Навуменка.

пляска́цца ​1, пляшчуся, плешчашся, плешчацца; незак.

1. Рухаючыся, удараючыся аб што‑н., рабіць шум, пляск (пра вадкасць). Вакол урачыстая цішыня і спакой. Павольна плешчацца аб каменне вада. С. Александровіч.

2. Рухаючыся ў вадзе, рабіць шум, пляск; плюхацца. Рыбы пляскаліся, падскокваючы над вадою. «Маладосць». // Абліваць сябе або адзін аднаго вадой. Да ракі, да чыстае затокі Бег асілак лёгка перад ёй [Марынай], І вадой пляскаліся, як дзеці. Бялевіч.

пляска́цца ​2, плешчацца; незак.

Зал. да пляскаць ​2.