плодасушы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Машына для сушкі пладоў і агародніны.
плодасушы́льня, ‑і, ж.
Памяшканне, месца, дзе сушацца плады і агародніна.
пло́днасць, ‑і, ж.
Здольнасць даваць плады; урадлівасць. Уся гэтая незвычайная [к]вецень і багатая плоднасць зямлі не цешылі вока чалавека. Лынькоў.
пло́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да плода (у 1 знач.).
2. Які пладаносіць; здольны прыносіць плады. Побач з дваром раскінуўся плодны, хоць яшчэ малады сад. Дамашэвіч.
3. Які хутка размнажаецца, пладавіты. Тут панавалі з даўніх дзён палын ды плодны пырнік. Дудар.
пло́енне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. плоіць.
пло́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад плоіць.
2. у знач. прым. Завіты пры дапамозе плойкі. Плоеныя валасы.
пло́іцца, плоюся, плоішся, плоіцца; незак.
1. Завіваць сабе валасы плойкай.
2. Зал. да плоіць.
пло́іць, плою, плоіш, плоіць; незак., што.
Завіваць (валасы) плойкай. // Рабіць роўныя складкі (на тканіне, адзежы і пад.) пры дапамозе асобых шчыпцоў; гафрыраваць.
[Ад фр. ployer — згінаць.]
пло́йка, ‑і, ДМ плойцы; Р мн. плоек; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плоіць.
2. Шчыпцы, якімі што‑н. плояць. Перагрэтая плойка паліла валасы. Васілевіч.
3. Прычоска, зробленая такімі шчыпцамі. У некаторых былі прычоскі «конскі хвост», плойкі пад кацялок. Грамовіч. // Роўныя складкі, зробленыя такімі шчыпцамі (на тканіне, адзежы і пад.).
пло́йма, ‑ы, ж.
Разм. Вельмі вялікая колькасць, мноства (аб жывых істотах). З балота несла ў сяло вільгаць і наганяла плоймы камароў і мошак. Мурашка. У гэтую часіну партызаны заўважылі, што за ўцекачом гоніцца цэлая плойма салдат. М. Ткачоў.