плітня́к, ‑у, м.
Вапняковая або пясчаная парода, якая лёгка раздзяляецца на пліты. Ён ледзь паспеў нацягаць плітняку і зрабіць у адным з куткоў яшчэ два невысокія муры. Караткевіч.
плітняко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да плітняку. // Зроблены з плітняку.
плі́ца, ‑ы, ж.
1. Лопасць параходнага кола. Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Шлёпаюць па вадзе пліцы параходных колаў, дрыжыць ад празмернага намагання машыны палуба парахода, пеніцца за кармой вада. Сяргейчык.
2. Спец. Чарпак, пры дапамозе якога зліваюць ваду на судне.
плі́шчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
Разм. Сілаю лезці куды‑н., праціскацца. — Куды плішчыцеся? — сярдзіта прамовіла .. [Натальцы] якаясь цётка. Колас. Кожны некуды плішчыўся і абавязкова з ручной паклажай. Лобан.
плі́шчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Разм. Несці што‑н. з вялікім высілкам. Едзе Вася з перамогай На сярэбраным зубры Цераз цёмныя бары, Цераз поле, луг і гай, А за ім — вясёлы Зай, Пад губой стаіўшы смех, Ледзьве плішчыць поўны мех. Вітка. [Барыс] сам знайшоў нейкую дошку і, абхапіўшы рукамі, нібы мурашка, плішчыў яе на двор. Нядзведскі.
пліяцэ́н, ‑у, м.
Спец. Другая, апошняя эпоха неагенавага перыяду (сістэмы).
[Грэч. pléiōn — болей і kainós — новы.]
пліяцэ́навы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да пліяцэну. Пліяцэнавая эпоха.
плод, ‑а, М ‑дзе; мн. плады, ‑оў, м.
1. Частка расліны, якая развіваецца з кветкі (завязі) і змяшчае ў сабе насенне. Плод сланечніка. // Ядомая частка некаторых раслін, якая развілася з кветкі (завязі). Старыя яблыні і грушы не маюць догляду і даюць мала пладоў. Бядуля.
2. Зародак дзіцяняці ў чалавека і млекакормячых.
3. перан. Вынік, прадукт якой‑н. дзейнасці. Глянь, як горда жыве маладая сталіца, Як шчасліва плады сваёй працы нясе... Звонак.
•••
Пажынаць плады гл. пажынаць.
плодаагаро́дніна, ‑ы, ж., зб.
Плады і агародніна. Дастаўка плодаагародніны.