Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пло́ўніца, ‑ы, ж.

Пасудзіна для плову, падобная па форме да паўглыбокай талеркі.

пло́цік, ‑а, м.

Памянш. да плот.

плоць, ‑і, ж.

1. Цела жывых істот, пераважна чалавека (як процілегласць псіхікі, духоўнага пачатку). — Пад гэтым імем жыве і нахабна дзейнічае звычайны чалавек са звычайнай плоццю і звычайнай чалавечай крывёй. Лынькоў. // Цела як крыніца адчування, пачуццёвасці.

2. перан. Кніжн. Матэрыяльнае ўвасабленне. Зусім заканамернай будзе размова аб пошуках новых рытмаў, інтанацый, рыфмаў, славесных форм, паколькі ўсё гэта, разам узятае, і складае плоць паэзіі, як «фактуру». Перкін.

•••

Плоць і кроў каго, чыя; плоць ад плоці (кроў ад крыві) чыёй — а) (уст. і кніжн.) роднае дзіця каго‑н.; б) (кніжн.) аб тым, што створана ўласнай працай і клопатамі.

пло́шча, ‑ы, ж.

1. Вялікая незабудаваная тэрыторыя ў горадзе або вёсцы. З вышыні бачны вуліцы, плошчы, запоўненыя машынамі і людскімі патокамі. Гамолка. Да заводскай плошчы, дзе прызначылі мітынг, было далёка. Карпаў.

2. Месца, прызначанае пад што‑н. або занятае чым‑н. Лясная плошча, патрэбная для нармальнага існавання зуброў, няўхільна змяншалася. В. Вольскі. Каля шырокіх плошчаў азіміны старшыня прасіў шафёра спыняць машыну. Кулакоўскі.

3. Спец. Частка плоскасці, заключаная ўнутры плоскай замкнутай геаметрычнай фігуры.

4. Памяшканне, прызначанае для якой‑н. мэты. Жылая плошча. □ З кожным годам пашыраюцца вытворчыя плошчы камбіната, вырастаюць новыя цэхі, завозіцца новае, больш дасканалае абсталяванне. Рунец.

плуг, ‑а, М плузе; мн. плугі, ‑оў; м.

Сельскагаспадарчая прылада з шырокім металічным нарогам або дыскам для ворыва. Раман Шулядзяк толькі што адпрог з плуга каня і пусціў яго папасвіцца ў маладым дубняку над ярам. Колас.

плугаві́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і плугар. — А вось Коля Мігура, твой, здаецца, сябра, за два тыдні, папрацаваўшы плугавіком, атрымаў 250 рублёў грошай. Сергіевіч.

плугавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да плуга.

плуга́р, ‑а, м.

Разм. Той, хто працуе на ворыве з плугам. — Згадзіўся вясной плугаром быць, а тут — на табе: на другі дзень конь абмуляўся. Рылько.

плуга́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Працаваць на ворыве з плугам. Згарэў даўно ля вогнішча плашч, тады, калі Раман першы раз плугарыў ноччу. Пташнікаў.

плу́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плуга. Плужны канавакапальнік. // Які выконваецца плугам. Плужнае земляробства.