шматкле́тачны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які складаецца з вялікай колькасці клетак. Шматклетачныя водарасці. Шматклетачныя жывёлы.
шматко́вы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены са шматкоў (у 1 знач.). Шматковая коўдра.
шматко́лернасць, ‑і, ж.
Уласцівасць шматколернага.
шматко́лерны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і шматкаляровы. Ды потым — потым стала ў стэпе цесна! Навіслі, захілілі небакраі Шматколернаю дымавой завесай... Лойка.
шматкро́п’е, ‑я, н.
Знак прыпынку ў выглядзе трох пастаўленых побач кропак (...), а таксама рад кропак, які абазначае пропуск у тэксце.
шматлі́касць, ‑і, ж.
Уласцівасць шматлікага. Шматлікасць сям’і. Шматлікасць тыповых выпадкаў.
шматлі́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. У кожным сяле ёсць два-тры шматлікія, галінастыя роды, якія карыстаюцца ў людзей агульнай павагай. Ракітны. За перагародкай размяшчалася шматлікая сям’я дзядзькі Каленіка. Даніленка.
2. Які праводзіцца, маецца, прысутнічае і пад. у вялікай колькасці. Праводзіць шматлікія гутаркі з насельніцтвам. Прымаць шматлікіх наведвальнікаў. Адказваць на шматлікія пытанні. □ А на піяніна — вялікі букет кветак і шматлікія фатаграфіі славутых акцёраў, пераважна салістаў оперы. Шамякін. З пакояў даносіўся гоман шматлікіх галасоў. Мядзёлка.
шматлю́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць шматлюднага. Шматлюднасць горада. Шматлюднасць сходу.
шматлю́дны, ‑ая, ‑ае.
З вялікім мноствам людзей; мнагалюдны. Шматлюдны горад. Шматлюдная аўдыторыя. □ У тую восень перавыбарчы сход у калгасе быў вельмі бурным і шматлюдным. Шчарбатаў.
шматля́мпавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае некалькі або шмат электронных лямп. Шматлямпавы радыёпрыёмнік. Шматлямпавая ўстаноўка.