шавіні́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Прыхільнік шавінізму.
шавіні́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да шавініст.
шавіністы́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шавінізму, шавіністаў, уласцівы ім. Шавіністычныя погляды. Шавіністычныя лозунгі. □ Капіталізм з яго эксплуатацыяй чалавека чалавекам, з яго шавіністычнай і расісцкай ідэалогіяй, з уласцівым яму маральным упадкам, разгулам спекуляцыі, карупцыі, злачыннасці разбэшчвае грамадства, сям’ю, чалавека. Праграма КПСС.
шавяле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шавяліць і шавяліцца.
шавялі́цца, ‑вялю́ся, ‑ве́лішся, ‑ве́ліцца; незак.
1. Злёгку варушыцца, прыходзіць у рух пад уздзеяннем чаго‑н. Лісты дрэў ледзь шавеляцца і ціха шапацяць, хоць ветру зусім няма. Мыслівец. // Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Параска стаяла тварам да сцяны, абапёршыся рукамі, і не шавялілася. Лобан. Чуллівыя тоўстыя губы хваравіта шавяліліся пад пушыстымі чорнымі вусамі. Паслядовіч.
2. Мітусліва перасоўвацца, знаходзіцца ў хаатычным руху. [Лёнька:] — Мы толькі слухалі, як .. [пчолы] шавеляцца і гудуць. Васілевіч.
3. перан. Праяўляць актыўнасць, ажыўляцца. Народ шавеліцца.
4. перан. З’яўляцца, узнікаць (пра думкі, пачуцці і пад.). Нейкі адказ на гэта пытанне як бы недзе шавяліўся ў Юзікавай галаве. Крапіва.
5. заг. шавялі́ся (шавялі́цеся). Разм. Ужываецца як прымус, пануканне да дзеяння ў значэнні: рабі (рабіце) што‑н. хутчэй, спяшайся (спяшайцеся), варушыся (варушыцеся). Хутчэй шавяліся!
шавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑валіць; незак.
1. каго-што. Злёгку прыводзіць у рух, кратаць што‑н. Вецер шавяліў пажоўклае лісце на дубах, і яно ледзь чутна шалясцела. Чарнышэвіч. Па-над полем плавае лёгкі цёплы вецер і шавеліць на галаве ў дзеда густыя пасярэбраныя валасы. Галавач. // перан. Прымушаць да дзейнасці, працы, выводзіць са стану вяласці, абыякавасці да акаляючага; узбуджаць.
2. чым. Злёгку рухаць чым‑н. Зося лёгка разбірала знаёмы почырк і ледзь шавяліла губамі. Крапіва. Счапіўшы ў рукавах рукі, Фішар дрыжаў, шавяліў плячыма, тупацеў нагамі. Быкаў.
•••
Шавяліць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).
шавяльну́цца, ‑вяльнуся, ‑вяльнешся, ‑вяльнецца; ‑вяльнёмся, ‑вельняцеся; зак.
Аднакр. да шавяліцца.
шавяльну́ць, ‑вяльну, ‑вяльнеш, ‑вяльне; ‑вяльнём, ‑вельняце; зак.
Аднакр. да шавяліць.
шавялю́ра, ‑ы, ж.
Валасы на галаве (звычайна ў мужчыны, пышныя, густыя). Вусы і бараду стрыг [Марцін] на французскі манер, шавялюра ў яго была раскошная. Чарнышэвіч. На вуліцы, насупраць акна, прыпыніўся цыбаты юнак з густой шавялюрай — Лёня. Гроднеў.
[Фр. chevelure.]
шаг, ‑у, м.
1. Разм. Тое, што і крок (у 1, 2 і 5 знач.). Караль раптоўна абарваў гутарку: за варотцамі пачуліся чыесьці шагі. Гартны. // Самы павольны алюр. Коні натужна скрануліся з месца і, пераходзячы з шагу на рысь, памчалі па зімніку. Лынькоў.
2. Спец. Пэўная адлегласць паміж суседнімі аднатыпнымі элементамі (у механізмах, дэталях якіх‑н. машын). Шаг разьбы. Шаг зубчастага кола.