Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хвата́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і хапальны.

хватану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да хватаць.

хвата́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і хапацца. [Боганчык] бег, угрэўшыся, як у лазні, расшпіліў сарочку і хватаўся ў дзве рукі за грудзі. Пташнікаў.

хвата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Тое, што і хапаць (у 1–4 знач.). Устаў ледзь свет, хватаю вуду, Бягу на бераг Тартака. Смагаровіч. Больш сотні здаровых галасоў.. гучна хваталі вясёлы прыпеў. Чорны.

хва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Спосаб, прыём, якім хапаюць, схопліваюць што‑н. Учэпістая хватка. □ Сяргей здзіўляў інжынераў сваёй імклівасцю, напорыстасцю. .. Былі ў яго добрая хватка, дакладны разлік, энергія!.. Мяжэвіч. // перан. Манера дзейнічання каго‑н. [Ціхончык:] — Дык вось Ганчароў з Белагорцавым агітнулі мужчын з чужой зоны і ўзялі іх у атрад. Узялі без зброі. Але цяпер у кожнага ёсць або вінтоўка, або аўтамат. Партызанская хватка, нічога не скажаш. Дзенісевіч. [Шаройка:] — Эге! Пазнаю бацькаву хватку! Шамякін. Пазбаўлены драпежніцкай хваткі і гаспадарскай учэпістасці, .. [Мацвей] усё сваё жыццё гібее, калоціцца, азлоблены і няшчасны. Перкін. // Спрыт у чым‑н. Бяры пракос, наколькі просіць хватка, Не замінай адно, а то падрэжуць — Няхай сабе і старшынёвы — пяткі! Зуёнак. Усе думалі, што .. [Юлька] са сваёй хваткай, калі не горы стане варочаць, то зоркі з неба хапаць. Гроднеў. Зусім малады юнак быў, а ўжо — з прафесійнай рабочай хваткаю. Карамазаў.

•••

Мёртвая хватка — а) хватка ў сабак і некаторых іншых жывёл, калі доўга не разнімаюцца сківіцы; б) пра здольнасць упарта, не адступаючыся, дабівацца свайго.

хва́ткі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які спрытна, учэпіста хапае, схоплівае што‑н. Хваткія рукі. / у перан. ужыв. Зрэдку сустракаліся нізкарослыя дубкі, кучаравілася хваткая шыпшына, расшытая аранжавымі ягадамі. Караткевіч. // перан. Спрытны, кемлівы. Кожны з нас бадзёры, упарты, хваткі, Мы яшчэ не зведалі тугі. Прануза.

хваці́цца, хвачуся, хвацішся, хваціцца; зак.

Разм. Тое, што і хапіцца.

хваці́ць, хвачу, хваціш, хваціць; зак., каго-што, чаго і без дап.

Разм. Тое, што і хапіць (у 1–8 знач.). І як там будзе з той зямлёю? Не хваціш голаю рукою, — Няпэўна ўсё і невядома. Колас. [Жаночы голас:] — Нясечанае бульбы [карова] хваціла і кашляе. Чорны.

хва́цкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хвацкага. Ва ўсім тым, што ні рабіў цяпер [Васіль], як бы хваліўся хвацкасцю сваёй, спрытам. Мележ.

хва́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Удалы, спрытны; маладзецкі. Пахмурна і ўрачыста выглядалі хвацкія хлопцы з пачэснага каравула. Лынькоў. [Клаўдзія Пятроўна:] — Я і не ведала, што ты [Харытон Ігнатавіч] ў мяне такі хвацкі прамоўца. Васілёнак.

2. Разм. Вельмі добры, слаўны. [Дзед:] — Кара цяпер добра здымаецца, свісцёлкі дужа хвацкія будуць. Рылько. Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі. Навуменка. // Вясёлы, заліхвацкі. З балалайкай у Андрэя заўсёды спалучалася ўяўленне шырокай вуліцы рускага сяла, хвацкай прыпеўкі. Пестрак. З прыемнасцю чуў, як падпяваў сабе гэты вясковы хвацкі танцор, слоў не знаходзячы ад весялосці. Брыль.

3. Разм. Спрытны, умелы. Хвацкія рукі ў дзеда. □ Паглядзеў пан на работу ды кажа: — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць, — і падаў Паўлюку сцізорык, дзе было многа ножыкаў і розных іншых прычындалаў. С. Александровіч.

4. Разм. Прыдатны для выкарыстання, ёмкі. Хвацкі рубанак. □ Даніла тым часам нікнуў за шафу і дастаў адтуль вельмі ж хвацкую кавеньку. Сабаленка.