убо́іна, ‑ы, м. і ж.
Адпеты гультай, неслух. — Што гэта, «убоіна»? — пытаецца Ніна, спыніўшы прасці. — Ну, гультайка, няўдаліца... Брыль. [Бацька:] — Казаў жа я табе, каб пачапіў шнурок, а ты, убоіна; не паслухаў бацьку. Масарэнка.
убо́к, прысл.
Управа або ўлева ад чаго‑н. Белаваты струмень, нібы рака, перасек .. [хлопцам] дарогу і пачаў адносіць човен убок. Маўр.
убо́р, ‑у, м.
Убранне, адзенне; строі. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы. Асіпенка. [Сяргей з Таняй] спыніліся каля палаткі з дзявочымі ўборамі. Машара. Выходзіць Домна Іванаўна — маці паэта, вясковая кабета ў простым чысценькім уборы. С. Александровіч. // Адзенне, убранне, прызначанае на якія‑н. пэўныя акалічнасці. Шлюбныя уборы. □ Усе леснікі былі ўжо ў зборы, у лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Тое, што і галаўны ўбор. Дождж, я верыў, дабрадзей, І чакаў яго штодзень. Дачакаўся І — на двор, З галавы здымаю ўбор. Калачынскі. // Якое‑н. упрыгожанне або дадатак да ўбрання чаго‑н. Хоць гаспадар і ўздыхнуў па ім [кані], ды зняў сядло з уборам залатым. Дубоўка. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (лісце, снег, іней і пад.). Бярозы былі ў прыгожым уборы, на ветры трапяталася зялёнае, з ружовым адценнем лісце. Гурскі. Пахіліліся галіны пад белым уборам. Лынькоў. Мне на плечы ніцыя акацыі Сыплюць свой пялёсткавы ўбор. Шымук.
•••
Галаўны ўбор — агульная назва рэчаў, якія надзяваюцца на галаву (шапкі, капелюшы і пад.).
убо́рачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ўборкі сельскагаспадарчых культур. Уборачная пара. Уборачныя работы. Уборачная кампанія. // Прызначаны для ўборкі ўраджаю. Уборачная тэхніка. Уборачныя машыны.
2. у знач. наз. убо́рачная, ‑ай, ж. Уборка ўраджаю, а таксама пара ўборкі ўраджаю. Уборачная не сёння-заўтра распачнецца. Васілевіч.
убо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. убіраць — убраць (у 1 знач.).
убо́ства, ‑а, н.
1. Уласцівасць і стан убогага. Убоства жыцця. Убоства душы. Разумовае ўбоства. □ З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет». Лойка. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы, і на яго светапоглядзе, на яго духоўным развіцці як чалавека і паэта адчуваўся ўплыў як перадавых тэндэнцый часу, так і ўбоства правінцыяльнай рэчаіснасці. Каваленка.
2. Крайняя беднасць, галеча, жабрацтва. Давесці да ўбоства. // Непрыглядны выгляд; непрыгожасць. Зрэшты,.. [дзяўчына] была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару, і какецтва яе, нягледзячы на вопыт і тэхніку, толькі падкрэслівала ўбоства. Брыль.
убра́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан убранага.
убра́нне, ‑я, н.
1. Адзенне, убор; строі. Васіль .. стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні. Колас. Вось і шыльда майстэрні .. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. // Спецыяльнае адзенне, убор. — Я ўжо не ў арміі, — дадаў .. [Андрыян], заўважыўшы, што бабуля пазірае на яго вайсковае ўбранне. Марціновіч. [Даўгулевіч:] — Потым я пачуў нечыя крокі і ўбачыў жаночую постаць у падвянечным убранні. Гурскі. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (пра снег, лісце і пад.). Прыгадаўся адзін залаты ў асеннім убранні дзень. Асіпенка. І тут зусім нечакана паваліў снег. Ціхі такі, спорны. Неўзабаве ўся зямля была ў белым убранні. Ігнаценка. Парк заціхаў, убранне яго жоўкла, асыпалася. Ракітны.
2. Аддзелка, абсталяванне памяшкання. — Усё сам парабіў, — зазначыў Хмялеўскі, заўважыўшы, што Андрэй з цікавасцю аглядае ўбранне яго хаты. Чарнышэвіч. // Убор, аздабленне чаго‑н. Будаўнікі здымалі рыштаванні з гатовых дамоў, і горад прыгажэў на вачах, апранаючыся ў святочнае ўбранне — транспаранты, плакаты, лозунгі, сцягі... Карпаў. Бацька прынёс зялёную густую елачку, і Тоня па вечарах пасля ўрокаў рыхтуе для яе ўбранне. Ус.
убра́нства, ‑а, н.
Разм. Тое, што і убранне. І між усякага ўбранства Відна і дзядзькава апратка, Пільчак і шапачка-аладка. Колас. Аказваецца, сосны і ўзімку мяняюць сваё зялёнае ўбранства. Курто.
убра́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад убраць.
2. у знач. прым. Прыведзены ў парадак; упрыгожаны. Убраная хата.