Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

траі́стасць, ‑і, ж.

Наяўнасць траякіх сувязей, адносін або трайнога саставу.

траі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Траякі. Траісты ўплыў.

2. Заключаны, падпісаны трыма дзяржавамі. Траістае пагадненне.

траі́цца, троіцца; незак.

1. Раздзяляцца на тры часткі. Канец каната троіцца.

2. Утройвацца, павялічвацца ў тры разы (пра бачныя прадметы). На шырокім тапчане... заблішчэла сякера. Яна дваілася і траілася ў .. вачах [Тамаша]. Бядуля.

3. Зал. да траіць.

•••

Траіцца ў вачах (звычайна безас.) — тое, што і траіцца (у 2 знач.).

траі́ць, траю, троіш, троіць; незак., што.

1. Разм. Дзяліць на тры часткі. Траіць бервяно.

2. Злучаць у адно з трох. Траіць ніткі. Траіць рады.

3. Спец. Тройчы пераворваць зямлю. Неяк пад восень, калі Аркадзь траіў папар у сваім калгасе, да яго на матацыкле пад’ехаў гэтакі ж малады, як і ён сам, хлопец. Сабаленка. Хто поле троіць, той хлеб кроіць. Прыказка.

4. Страляць, удараць і пад. па трох адначасова. Траіць з ружжа. Траіць на більярдзе.

трайні́к, ‑а, м.

Спец.

1. Прадмет, які мае тры аднародныя часткі або які складаецца з трох частак. Патрубак-трайнік. Водаправодны трайнік.

2. Мера або прадмет, якія складаюцца з трох аднолькавых адзінак. Дошка-трайнік.

трайніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трайніка.

трайны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з трох аднародных або падобных частак, прадметаў. Трайныя краты. Трайны падбародак. // Які тры разы паўтараецца або адбываецца ў тры прыёмы. Трайны скачок. Трайны ўдар. // Які праяўляецца ў трох відах, які датычыцца трох бакоў чаго‑н.; траякі. Трапная сувязь.

2. Павялічаны ў тры разы. Прадавалі білеты за трайную цану.

•••

Трайное правіла — тое, што і складанае трайное правіла (гл. правіла).

трайня́, ‑і, ж.

Падоўжны брус у калёсах, які злучае пярэднюю вось з задняй. Тут быў Базыль, Антось Тацянін, Карусь Дзівак (ён між парканін Схаваў трайню, рагач, дзве восі, Тайком узяўшы ад Антося). Колас.

трайня́ты, ‑нят; адз. няма.

Дзеці, якія нарадзіліся ўтраіх адначасова ад адной маці.

трайча́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з трох аднародных частак, прадметаў. Трайчасты ліст канюшыны.

2. У выразе: трайчасты нерв (спец.) — пятая пара чэрапна-мазгавых нерваў.