Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

магна́т, ‑а, М ‑наце, м.

Буйны феадал, памешчык у некаторых краінах Еўропы (пераважна ў ранейшай Польшчы і Венгрыі). // Багач, буйны капіталіст. Нафтавы магнат. □ Гонка ўзбраенняў прыносіць фантастычныя барышы магнатам капіталу. «ЛіМ».

[Ад лац. magnatus — знатны чалавек, вяльможа.]

магна́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да магната, магнатаў, належыць ім. Магнацкія ўладанні.

магна́цтва, ‑а, н., зб.

Магнаты. Польскае магнацтва. □ Гандлявалі, аднак, не толькі фінансісты. Свой кавалак хацела выдзерці з зубоў цара і магнацтва. Караткевіч.

магнезі́т, ‑у, М ‑зіце, м.

Мінерал белага або жаўтавата-шэрага колеру; прыродная вуглякіслая соль магнію (выкарыстоўваецца як вогнеўстойлівы матэрыял).

[Ад н.-лац. magnesia.]

магнезі́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да магнезіту. Магнезітавы парашок. // Зроблены з магнезіту. Магнезітавая цэгла.

магне́зія, ‑і, ж.

Лёгкі парашок белага колеру, які з’яўляецца вокісам або соллю магнію (выкарыстоўваецца ў медыцыне). Белая магнезія. Паленая магнезія.

[Ад геагр. назвы.]

магнезія́льны, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе магнезію. Магнезіяльная салетра. Магнезіяльныя вогнетрывалыя вырабы.

магне́та, нескл., н.

Спец. Невялікая электрамагнітная прылада, якая ўтварае іскру для запальвання гаручай сумесі ў цыліндрах рухавіка ўнутранага згарання; магнітаэлектрычны генератар.

магнето́н, ‑а, м.

Спец. Адзінка вымярэння магнітнага моманту, прынятая ў атамнай і ядзернай фізіцы.

магнеты́зм, ‑у, м.

1. Здольнасць магніта, а таксама правадніка з электрычным токам прыцягваць да сябе або адштурхоўваць некаторыя целы.

2. Вучэнне аб магнітных з’явах і магнітных уласцівасцях цел. Курс магнетызму.

•••

Зямны магнетызм — уласцівасць Зямлі, якая выяўляецца ў існаванні вакол яе магнітнага поля, а таксама вучэнне аб магнітным полі Зямлі.