ільночаса́лка і льночаса́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Машына для часання лёну.
ільночаса́льны і льночаса́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для часання лёну. Ільночасальная машына.
ільня́нішча і льня́нішча, ‑а, н.
Поле, з якога сабралі лён або на якім папярэдняй культурай быў лён.
ільняны́ і льняны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да лёну. Ільняны палетак. Ільняное сцябло. Ільняное валакно. Ільняная сеялка. Ільняная сыравіна. // Атрыманы з ільнянога семя. Ільняны алей. Ільняная макуха. // Выраблены з валакна лёну. Ільняное палатно. Ільняная сарочка.
2. Які мае адносіны да апрацоўкі лёну. Ільняная прамысловасць. Ільняная фабрыка. Ільняны камбінат.
3. Які колерам і мяккасцю нагадвае валакно лёну. У Валькі ж валасы, як у мамы, ільняныя, і вочы такія ж сіне-зялёныя, толькі бровы бацькавы — густыя, чорныя. Шчарбатаў.
ільсні́цца і льсні́цца, ‑ніцца; незак.
Блішчаць, адсвечваць (пра гладкую паверхню). Паравозік быў зроблены з бярозы-чачоткі, ільсніўся, як шкло. Пестрак. Дарога гладкая, слізкая, бліскучая. Ільсніцца сліпучы белы снег. Лужанін.
л, нескл., н.
1. Трынаццатая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «эл». Вялікае Л.
2. Санорны, плаўны, пярэднеязычны зычны гук; можа быць мяккім і цвёрдым: вугаль, вугал.
лабавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Накіраваны прама перад сабой, у лоб; франтальны. Лабавая атака. □ Страціўшы ўсялякую надзею на прарыў абароны, вораг вырашыў зрабіць глыбокі абход, не паслабляючы лабавога ўдару. Гурскі. // перан. Разм. Прамалінейны, непасрэдны, ужыты без дадатковых сродкаў падрыхтоўкі. Ні змест, ні формы .. [работы] не маглі быць раскрыты лабавым падыходам. У. Калеснік.
2. Размешчаны ў пярэдняй частцы чаго‑н., пярэдні. Лабавое шкло аўтамабіля. Лабавая сцяна. □ Працавалі няспынна абодва кулямёты — вежавы і лабавы. Мележ.
лабагрэ́йка, ‑і, ДМ ‑рэйцы; Р мн. ‑рэек; ж.
Самая простая жняярка з ручным скідваннем зжатай збажыны. А ў полі жніўным лабагрэйка Плыве па хлебнаму прыволлю. Калачынскі.
лаба́з, ‑а, м.
Уст. Памяшканне для продажу ці захоўвання зерня, мукі. Невялічкая прама ўціснулася паміж высокім домам і нейкім цагляным лабазам з глухою сцяной. Грахоўскі. [Сяргей:] — А ці былі запасы мукі ў лабазах? Гурскі.
лаба́знік, ‑а, м.
Уст. Уладальнік лабаза або прадавец тавару ў лабазе.