Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

белару́скі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да беларусаў, Беларусі. Беларускі народ. Беларуская мова. Беларуская літаратура. Беларускі акцэнт.

белару́сы, ‑аў; адз. беларус, ‑а, м.; беларуска, ‑і, ДМ ‑цы; мн. беларускі, ‑сак; ж.

Адзін з усходнеславянскіх народаў, які складае асноўнае насельніцтва Беларускай ССР.

белару́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; м. і ж.

Той, хто з пагардай ставіцца да фізічнай працы або не прывык да сур’ёзнай работы. Рука ў хлопца мазолістая, працавітая — сціснуў ён бацькаву так, што Іван Васільевіч, сам чалавек дужы, не беларучка, парадаваўся яго сіле. Шамякін.

белары́біца, ‑ы, ж.

Каштоўная серабрыстага колеру рыба сямейства ласасёвых.

беласне́жны, ‑ая, ‑ае.

Падобны колерам на снег, вельмі белы. І песням першы раз сягоння Такая шыр, такі прастор! Пяеш унізе — яна звоніць На грані беласнежных гор. Танк. Над пакгаузам кружыліся галубы, усё вышэй і вышэй узнімаючыся над страхой, пабліскваючы на сонцы беласнежнымі крыллямі. Лынькоў.

беластво́лы, ‑ая, ‑ае.

У якога белы ствол. Бярэзнік беластволы пад зарой Звініць, умыты чыстаю расой, Пакуль карэнні п’юць зямныя сокі. Бялевіч.

беласце́нны, ‑ая, ‑ае.

З белымі сценамі; які складаецца з такіх пабудоў. Выплыў насустрач палац беласценны. Цвірка. Нібы з дзівоснай казкі ўстае перад вачамі новы беласценны горад. Хадкевіч.

белата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

Разм. Тое, што і белізна.

белатва́ры, ‑ая, ‑ае.

З вельмі белым тварам. Паненка была высокая, белатварая, чорнавалосая, у доўгім белым плацці. Асіпенка.

белату́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Спец. Гатунак яравой пшаніцы; арнаутка.