ны́цік, ‑а, м.
Чалавек, які ўвесь час ные, на што‑н. скардзіцца. Нас жыццё ласункамі не песціла, Не рабіла ныцікамі кволымі. Лукша.
ныццё, ‑я, н.
1. Цягучы, тупы боль. Балючае ныццё разлілася па ўсім целе. Пестрак.
2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. ныць (у 2 знач.). [Андрэй Данілавіч:] — Захандрыў мой студэнт. Што ні пісьмо — суцэльнае ныццё. Ракітны.
3. перан. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. ныць ( у 3 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Н[а]жніцы спраўна перакусваюць драціны, і, адна за адной, яны ападаюць у снег. Ныццё [у правадах] напалову змаўкае. Брыль.
ныць, ныю, ныеш, ные; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Балець (пра адчуванне тупога, цягучага болю). Ныла спіна, балела шыя... балеў пад пахай рубец. Даўно ён ужо не ныў. Пташнікаў. Туравец стаў больш адчуваць, як ные параненая рука. Мележ. / у безас. ужыв. Хлопцам прыходзілася ўвесь час нізка прыгінацца, ад гэтага ныла ў паясніцы. Шахавец.
2. Надакучліва скардзіцца на што‑н. Большасць рабочых жыве ў навакольных вёсках, ходзіць на працу за 3–5 кіламетраў, і ніхто не ные, ніхто нічога не патрабуе. Грахоўскі. Адзін не мае часу носа ўцерці за работаю, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час. Крапіва.
3. перан. Разм. Цягуча, жаласна гусці. Улетку галлём зялёным шуміць.. [шлях], а ўзімку адзінока ныюць на слупах драты. Скрыган. Пад столлю нылі камары. Самуйлёнак. У вяршалінах дрэў нудна ныў вецер. Новікаў.
•••
Душа (сэрца) ные гл. душа.
ны́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад ныць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Цягучы, тупы (пра боль). Нейкі непрыемны асадак гарэў на сэрцы, аддаваўся ў ім тупым ныючым болем. Лынькоў.
3. Дзеепрысл. незак. ад ныць.
нэ́ндза, ‑ы.
Разм.
1. ж. Незабяспечанасць сродкамі існавання; галеча, беднасць. [Крочак:] — Ці плакаў я? Скажу адкрыта — Не надта борзды я да слёз. Я сіратою ў нэндзе рос. Колас. Ляснік жыве ў нэндзы і раптам выкладае сыну цэлы рубель. Лужанін.
2. м. і ж. Той (тая), хто ўвесь час ные, скардзіцца; нуда (у 2 знач.). Вочы ў Віці павільгатнелі, ён гатоў быў заплакаць.. — Ой і нэндза, — папракнуў Юрка сябра тым словам, якім папракала часам маці яго самога, калі ён крыўдзіўся за што-небудзь і плакаў. Хадкевіч.
3. ж. Тое, што і нуда (у 1 знач.). — Яшчэ два дні і з нэндзы памёр бы, — кажа Позняк на вуліцы. Мурашка.
[Польск. nędza.]
нэ́ндзны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Дрэнны, мізэрны. Нэндзны ўраджай. □ Бліжэй да вёскі на шараватых агародах раскінуўся нэндзны бульбоўнік. Бядуля.
2. Поўны нэндзы (у 3 знач.); нудны. Бадай што першы раз за ўвесь гэты нэндзны вечар шчыра ўсміхнуўся Барукоў. Васілевіч.
нэп, ‑а, м.
Новая эканамічная палітыка, прынятая ў 1921 г. на X з’ездзе Камуністычнай партыі.
нэ́паўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нэпа, уласцівы нэпу.
нэ́пман, ‑а, м.
Разм. Гандляр, прадпрыемец першага перыяду нэпа. Мы прайшлі гэты шлях.. Прайшлі яго, скідваючы з дарогі ўсіх і ўсякіх ворагаў: кулакоў, нэпманаў.. і ўсіх падонкаў класавага ворага. Купала.
нэ́пманка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да нэпман.