Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ніцепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і ніткападобны.

ні́цма, прысл.

Тварам уніз. Алесь ляжаў ніцма, падлажыўшы далоні пад грудзі. Брыль. Стары ляжаў ніцма, уткнуўшыся рыжай барадою ў зямлю. Гурскі.

ніцшэа́нец, ‑нца, м.

Паслядоўнік ніцшэанства.

ніцшэа́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ніцшэанства.

ніцшэа́нства, ‑а, н.

Рэакцыйны філасофскі напрамак, які прапаведаваў крайні індывідуалізм, культ «звышчалавека».

[Ад імя нямецкага філосафа Ф. Ніцшэ.]

ні́цы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгія звісаючыя галіны (пра дрэвы і кусты). Ніцая вярба. Ніцая бяроза. □ Над вадою задумліва схіляюць вецце ніцыя лозы. В. Вольскі. Бруіцца, празрыстая рэчка, Хаваецца ў ніцых кустах. Журба.

2. перан. Разм. Пануры, хмурны (пра чалавека). Солтыс з пробашчам выйшлі са школы ніцыя, злосныя, заклапочаныя. Сабаленка. // Які выяўляе панурасць, хмурнасць. Куды падзеліся з яго [Ракава] вачэй той ніцы сум і той пажыццёвы спалох! Брыль.

ніць, ‑і, ж.

1. пераважна мн. (ні́ці, ‑цей). Тонка ссуканая пража, якая ўжываецца для шыцця, вязання і інш. Клубок ніцей. □ [Пальцы Тапурыя] хутка перабіралі тонкія ніці і.. спрытна працавалі чаўнаком. Самуйлёнак.

2. перан. Аб чым‑н., што падобна на нітку, нагадвае нітку. Срабрыстыя ніці павуціння насіліся ў паветры. С. Александровіч. Па шляху, праз хмызнякі, праз поле, Да лугоў, дзе ўецца рэчкі ніць, Гоніць вецер стромкія таполі, Каб вадой сцюдзёнай напаіць. Кірэенка.

3. перан. Тое, што злучае адно з адным, служыць для сувязі. Ніці сваяцтва. □ Было відаць, што ў гэты невялікі домік цягнуліся ніці кіравання велізарнымі партызанскімі сіламі. Пятніцкі. Гаворачы з Аляксеем, .. [Наталля Міхайлаўна] часта раптам траціла ніць размовы. Мележ. // Рад, чарада чаго‑н. І раптам спыніўся дзед Сёмка, Разваг абарвалася ніць. Колас.

•••

Праходзіць чырвонай ніццю гл. праходзіць.

Пуцяводная ніць — тое, што дапамагае знайсці верны шлях у дасягненні чаго‑н., выйсці з цяжкага становішча.

ніцяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да ніцей. Ніцяная вытворчасць.

2. Зроблены з ніцей, нітак. Ніцяныя пальчаткі.

нічагу́сенькі, займ.

Разм. Узмацняльная форма да нічога ​1. Амаль што ўсе даведаліся аб сваіх. Адзін стары Міхайла нічагусенькі даведацца не можа... Бядуля.

нічагу́ткі, займ.

Разм. Тое, што і нічагусенькі. Стары Ярмалінскі кляўся і бажыўся, што «нічагуткі, каб я з гэтага месца не сышоў, не ведаю». Чорны.