пасырэ́ць, ‑эе; зак.
Стаць сырым, сырэйшым. Пасырэлі сцены.
пасыха́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасыхаць.
пасыха́ць, ‑ае; незак.
Сохнуць, засыхаць. Трава ад сонца пасыхае.
пасыхо́дзіцца, ‑дзіцца; ‑дзімся, ‑дзіцеся, ‑дзяцца; зак.
Сысціся — пра ўсіх, многіх. З двара пасыходзіліся суседзі, і пачалася несканчоная шматгалосая гаворка. Чорны.
пасыхо́дзіць, ‑дзіць; ‑дзім, ‑дзіце, ‑дзяць; зак.
Сысці — пра ўсіх, многіх. Ціток выпіў з Параскаю ды ад вялікай радасці паслаў яшчэ па кварту гарэлкі. Усе панапіваліся ды з хаты пасыходзілі. Адна Параска з Цітком асталася. Лобан.
пасыце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Зрабіцца сытым, сыцейшым; патаўсцець. — Вось што, сынку, давай знімем меркі і паглядзім, хто з нас ад гэтага вала пасыцее. Якімовіч.
пасьба́, ‑ы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасвіць.
пасья́нс, ‑а, м.
Расклад карт па пэўных правілах для забавы ці варажбы. Ператасаваўшы калоду карт, Адзелаіда Сяргееўна .. пачала раскладваць пасьянс. Асіпенка. // Раскладванне карт такім чынам. Бавіць час за пасьянсам.
[Ад фр. patience — цярпенне.]
пасья́нсны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пасьянса, прызначаны для пасьянса. Пасьянсныя камбінацыі. Пасьянсныя карты.
пасэ́сар, ‑а, м.
1. Гіст. Уладальнік пасэсійнага завода.
2. Уст. Арандатар маёнтка або фальварка. — Э-э, — абазваўся пан, — што ж, я пусціў цябе стаць на маёй зямлі адной нагою, а ты захацеў на ёй цэлым тулавам легчы. Не-не, мне дробных пасэсараў не трэба. Чорны.