Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паралелі́зм, ‑у, м.

1. Роўнае, аднолькавае на ўсім працягу знаходжанне адной ад другой ліній і плоскасцей. Паралелізм ліній.

2. Нязменныя суадносіны і адначасовасць дзвюх з’яў, двух дзеянняў. Пры выкарыстанні паралелізму песня звычайна будуецца на супастаўленні двух вобразаў: аднаго — узятага з прыроды, другога — з чалавечага жыцця. Саламевіч. // Аналогія, падабенства, агульнасць характэрных рыс; паўтарэнне, дубліраванне чаго‑н. Паралелізм у рабоце.

3. У паэтыцы — аднолькавая сінтаксічная і інтанацыйная пабудова некалькіх сказаў, якія ідуць адзін за адным.

4. У музыцы — аднолькавы інтэрвал у руху галасоў пры шматгалосым спеве.

парале́ль, ‑і, ж.

1. Паралельная лінія. Правесці паралель.

2. Умоўная лінія, праведзеная па зямной паверхні паралельна экватару, усе пункты якой маюць аднолькавую геаграфічную шырату. Змыкайце рады Камінтэрна На ўсіх паралелях зямлі. Глебка.

3. перан. З’ява, якая можа параўноўвацца з іншай, аналагічнай з’явай. Канкрэтнасць гістарычнай паралелі, такім чынам, выпраўляла лінію абстрактных разваг героя, не даючы яму збіцца з пазіцый рэалізму. Лойка. // Параўнанне, супастаўленне. У шматлікіх работах аб творчасці Коласа робяцца паралелі паміж «Казкамі жыцця» і байкамі Крылова, алегорыямі Салтыкова-Шчадрына, Горкага і г. д. Навуменка.

[Ад грэч. parállēlos — які знаходзіцца, праходзіць побач.]

парале́льна, прысл. і прыназ.

1. Прысл. да паралельны.

2. прысл., з прыназ. «з»; у знач. прыназ. з Т. Нароўні з чым‑н., на аднолькавай адлегласці ад чаго‑н. на ўсім працягу. Нарэшце падышлі да таго месца, дзе паралельна з абозам пралягала чыгунка. Машара. // Адначасова з чым‑н., суправаджаючы што‑н. Калгас выходзіць з прарыву, становіцца перадавым і дамагаецца высокага ўраджаю. Паралельна з гэтым у калгасе насаджваецца вялікі сад і будуецца электрастанцыя... Крапіва. Не захаваліся і тыя... сшыткі, якія вяліся пісьменнікам паралельна з дзённікам. «Полымя». Паралельна з будаўнікамі працуюць і мантажнікі. «Беларусь».

3. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «паралельна» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве прадмета, на аднолькавай адлегласці ад якога на ўсім працягу што‑н. знаходзіцца, праходзіць. Самалёт яшчэ доўга ляцеў паралельна берагу. □ Ціха і асцярожна ідзём паралельна дарозе, пакідаючы будынак з правай рукі. С. Александровіч. Гасцінец пралягаў паралельна чыгунцы. Ставер.

парале́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паралельнага. Паралельнасць прамых. Паралельнасць аперацый.

парале́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які знаходзіцца на ўсім працягу на аднолькавай адлегласці ад якой‑н. лініі (плоскасці) і пры прадаўжэнні не перасякаецца з ёю. Паралельныя лініі.

2. Які размяшчаецца ў адным напрамку, знаходзіцца на ўсім працягу прыблізна на роўнай адлегласці ад чаго‑н. Калі апошні вагон праплыў перад Віцевымі вачыма, хлопец заўважыў, што на паралельным пуці стаіць новы састаў. Нядзведскі. Далёка наперадзе і паралельнымі дарогамі снавалі разведчыкі. Лынькоў.

3. Які дубліруе, паўтарае што‑н.; аднолькавы, падобны. Паралельныя функцыі. Паралельныя граматычныя формы. □ Няўжо гэта той хлопчык-задзіра з паралельнага «Б» класа? Гарбук.

4. Які адбываецца адначасова, побач з кім‑н. Паралельнае чытанне.

паралізава́насць, ‑і, ж.

Стан паралізаванага.

паралізава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. паралізаваць (у 2 знач.).

паралізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад паралізаваць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане паралічу. Паралізаваны чалавек.

паралізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Прыйсці (прыходзіць) у стан паралічу.

2. толькі незак. Зал. да паралізаваць.

паралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. (часцей у форме дзеепрым. зал. пр.). Прывесці (прыводзіць) у стан паралічу, выклікаць (выклікаць) параліч. У яго паралізавана рука. / у безас. ужыв. У выніку кантузіі яму паралізавала ногі. // перан. Прывесці (прыводзіць) у аняменне, нерухомасць. Відаць страх, які адразу паралізаваў дыверсанта, быў ужо пераадолены ім. Гамолка. / у безас. ужыв. Я адчуў, як ад страху агортвае мяне хваля холаду і здранцвення. Мне спачатку паралізавала ногі, потым зайшлося сэрца, запякло ў скронях. Карпюк.

2. перан. Пазбавіць (пазбаўляць) здольнасці, магчымасці дзейнічаць; паслабіць (паслабляць) сілу, дзеянне чаго‑н. — Трэба паралізаваць нямецкія дывізіі яшчэ хаця б на некалькі тыдняў, хаця б да зімы. Шашкоў. Першая наша задача — паралізаваць чыгунку. Новікаў. Я заўсёды адчуваю старонкі позірк, ён перашкаджае, паралізуе мяне. Шынклер.