паралельна, прысл. і прыназ.
1. Прысл. да паралельны.
2. прысл., з прыназ. «з»; у знач. прыназ. з Т. Нароўні з чым‑н., на аднолькавай адлегласці ад чаго‑н. на ўсім працягу. Нарэшце падышлі да таго месца, дзе паралельна з абозам пралягала чыгунка. Машара. // Адначасова з чым‑н., суправаджаючы што‑н. Калгас выходзіць з прарыву, становіцца перадавым і дамагаецца высокага ўраджаю. Паралельна з гэтым у калгасе насаджваецца вялікі сад і будуецца электрастанцыя... Крапіва. Не захаваліся і тыя... сшыткі, якія вяліся пісьменнікам паралельна з дзённікам. «Полымя». Паралельна з будаўнікамі працуюць і мантажнікі. «Беларусь».
3. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «паралельна» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве прадмета, на аднолькавай адлегласці ад якога на ўсім працягу што‑н. знаходзіцца, праходзіць. Самалёт яшчэ доўга ляцеў паралельна берагу. ▪ Ціха і асцярожна ідзём паралельна дарозе, пакідаючы будынак з правай рукі. С. Александровіч. Гасцінец пралягаў паралельна чыгунцы. Ставер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)