папраша́йнічанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. папрашайнічаць.
папраша́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Займацца жабрацтвам; пабірацца.
2. Прасіць, дакучаць просьбамі.
папраяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Праесці што‑н. у многіх месцах, праесці ўсё, многае. Папраядала ржа жалезны дах. Папраядала моль сукно.
2. Разм. Патраціць, расходаваць на ежу многа чаго‑н.
папро́к, ‑у, м.
Дакор, незадавальненне, абвінавачанне, выказаныя словамі, позіркам і пад. — Вы, Поля, зноў вяртаецеся да старога! — прамовіў Карніцкі з нейкім папрокам у голасе. Паслядовіч. — Ну, вядома, — чалавек шукае, дзе яму лепей, — тонам лёгкага папроку адказаў Раман. Колас.
папро́сту, прысл.
1. Проста, непасрэдна; без цырымоніі. [Ян:] — Я напісаў.. [Аляксандры]. Папросту напісаў, няхай крыўдзіцца, калі хоча. Чарнышэвіч. [Пацяроб:] — А скажы ты мне, золатка, папросту, па-нашаму: што гэта ты сабе думаеш? Зарэцкі.
2. Разм. Не на літаратурнай мове. І тут, у горадзе, .. [сяляне] гавораць папросту, па-вясковаму, па-мужыцку. Арабей.
3. у знач. узмацняльнай часціцы. Проста, аж. Ганарджыя папросту баяўся глянуць у той бок, дзе хадзіў Элія. Самуйлёнак.
папру́га, ‑і, ДМ ‑рузе, ж.
1. Раменны пояс або наогул пояс. На ім кучомка, верх зялёны, Кажух кароценькі, чырвоны. А стан шырокая папруга Сціскае спрытна, лоўка, туга. Колас. Том Блейн паправіў папругу на камбінезоне і асцярожна адчыніў дзверы ў кабінет. Гамолка.
2. Частка збруі для ўмацавання сядла, падсядзёлка на спіне каня. Шэмет злез з сядла, аслабіў папругу і пусціў каня папасвіцца. Лобан. Ашмо[ткі] пены маталіся на конскіх храпах, на сядзельных папругах. Лынькоў.
папру́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Памянш. да папруга; папруга. Вадзік .. зняў са штаноў папружку і аддаў узамен на ножык. Гамолка. Па грэблі ў бок мястэчка ідзе чалавек. На ім просты, не першага веку шынель, падпяразаны папружкай з патранташам. Чарнышэвіч. Лейтэнант падцягнуў папружку. Рукою прыгладзіў валасы на галаве. Мыслівец.
папруцяне́ць, ‑ее; ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.
Разм. Апруцянець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае.
папрыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Прыбіць што‑н. у многіх месцах, прыбіць усё, многае. На сценах дамоў і на дашчатых платах.. [фашысты] папрыбівалі загад, надрукаваны адразу на чатырох мовах. Сачанка.
2. каго. Разм. Вельмі моцна збіць усіх, многіх. — Чаму ў таку [збіраецца моладзь]? — здзівіўся Мілоўскі. — Каб бацькі не ведалі. Там такія хлапцы прыйшлі, што калі б бацькі даведаліся, папрыбівалі б да смерці. Галавач.
3. безас. Прыгнаць сілай вады, ветру ўсё, многае. Папрыбівала лодкі да берага.